Лукашэнка ўзгадніў пажыццёвыя гарантыі прэзідэнту Беларусі: такія праўкі ўнесены ў стары закон у адпаведнасці з абноўленай канстытуцыяй краіны. Цяпер Лукашэнку гарантавана недатыкальнасць пасля заканчэння паўнамоцтваў, а беларускія актывісты і палітыкі ў выгнанні не могуць прэтэндаваць на пасаду Прэзідэнта Беларусі.
Мая калега, Вольга Сямашка, пагутарыла з палітолагам і спецыялістам у сферы нацыянальнай бяспекі Аляксандрам Казаком пра тое, ці можа і пры якіх умовах Лукашэнка пакінуць сваю пасаду ў бліжэйшыя гады; які лёс вайны ва Украіне і ці залежыць ён ад вынікаў выбараў у ЗША і Расеі; а таксама, якую стратэгію выбраць беларускім дэмакратычным і парамілітарным сілам у выгнанні.
РР: Як вы можаце пракаментаваць падпісаныя Лукашэнкам праўкі?
Аляксандр Казак: Я не мяркую, што адбудуцца нейкія на столькі манументальныя змены, што Лукашэнка рыхтуецца менавіта на 2024 год. Але пэўныя рухі, змены, яны паціху адбываюцца. Лукашэнка намагаецца падрыхтаваць такі “запасны парашут” на тое, калі нешта адбудзецца, каб ён мог застацца і яго ніхто не кранаў. Хаця часам, зноў жа на маю думку, гэта выглядае крыху так, нібыта крыху ілюзорнай бяспекай. Хутчэй за ўсё, калі дойдзе да нейкіх сапраўдных зменаў унутры Беларусі, гаворка ідзе пра дэмакратычныя змены, то напэўна да Лукашэнкі будзе надта шмат пытанняў. Гэтыя метады ягонай аховы, у выглядзе таго, што ён падпісаў, яму наўрад ці дапамогуць. Хаця з іншага боку, магчыма ён ужо проста на той момант уцячэ і не будзе каго лавіць.
РР: У сусветных СМІ ёсць такая тэндэнцыя, што маўляў Лукашэнка не дапусціў удзелу Беларусі ў вайне з Украінай, хоць і прадставіў сваю тэрыторыю. Як вы лічыце, ён марыянетка ці актар?
Аляксандр Казак: Нам трэба зразумець тут у першую чаргу адну вельмі важную рэч. Вельмі шмат беларусаў лічаць так, што згодна з вынікам вайны ва Украіне адразу зменіцца ўсё ў Беларусі. Не, гэта часткова можа быць, гэта канешне залежыць ад формы перамогі Украіны, як яны гэта бачаць. Я не мяркую, што 2024 годзе адбудзецца канец вайны на ўмовах вяртання да межаў 1991 года і развалу Расеі ці дэмантажу пуцінскага рэжыму ў Расеі. Але падыдзем зноў ужо з іншага боку, галоўная ідэя дыктатара – гэта заўсёды захаванне сваёй улады, максімальна як толькі ён можа. Адпаведна ёсць доля праўды, гэта таксама варта прызнаць, у тым, што Лукашэнка сябе адстаяў. Не незалежнасць Беларусі, ні ў якім разе, а незалежнасць свайго рэжыму. Канешне на яго адбываецца ціск. Вельмі шмат спецыялістаў кажа, што разам з упадкам сістэмы Пуціна ўпадзе і рэжым Лукашэнкі, упадзе падтрымка і ён не справіцца. Але мы ўжо бачым спробы Лукашэнкі вярнуцца ў той дыскурс такой бівектарнасці. Калі ён намагаўся працаваць і на карысць Расеі і нейк надбудоўваць стасункі з Еўразвязам, з суседзямі. Канешне адносна Польшчы я не мяркую, што будзе рашучая змена стасункаў і адбудзецца вяртанне да таго, што было раней.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва Аляксандра Казака