BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аляксандр Класкоўскі: Гэта выглядае як тэатр абсурду

Размовы аб патрыятызме на фоне вайны, але і больш меркантыльныя пытанні ў палітычным поле гучаць. Завяршыўся візіт Аляксандра Лукашэнкі да Пуціна. Яны сустракаліся ў Валгаградзе. Мерапрыемства называлася «Міжнародны патрыятычны форум Саюзнай дзяржавы „Вялікая спадчына — агульная будучыня“. Патрыятычныя заявы і што за імі стаіць далей абмяркоўваем з палітычным аналітыкам інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандрам Класкоўскім.

РР: Давайце прааналізуем сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі ў Расеі. Было багата патрыятычных лозунгаў, прысвечаных 80-годдзю перамогі.

Аляксандр Класкоўскі: Гэтую тэму пачалі раскручваць даўно, ужо некалькі месяцаў яна нарастае і ў Расеі, і ў Беларусі. Гэта адметная рыса двух рэжымаў. Так, дата сапраўды важная, і пра гэту падзею варта гаварыць, але вось гэты надрыў, з якім два правадыры і іх памагатыя ўсяляк падкрэсліваюць, што яны адзіныя носьбіты і абаронцы гістарычнай памяці, усё гэта выклікае іронію, таму што, па-першае, калі разабрацца на так званым патрыятычным форуме ў Валгаградзе выкрывалі злачынствы гітлерызму, агрэсіўныя планы цяперашняга так званага калектыўнага Захаду прадстаўнікі краіны-агрэсара і краіны-суагрэсара. Таму ўсё гэта выглядае як тэатр абсурду – палохаць нацысцкай пагрозай. Кожны аратар амаль што падкрэсліваў, што ў краінах Захаду ўздымае галаву нацызм, зноў там нейкія агрэсіўныя планы выношваюцца. У той час, як Расея – гэта адзіная на кантыненце краіна, якая ўжо сёння вядзе захопніцкую вайну. А рэжым Лукашэнкі, як вядома, Крамлю ў гэтым дапамагае.

Так што ўжо з гэтай прычыны ўся рыторыка, якая там гучала ў Валгаградзе, выглядае вельмі фальшывай. І потым гэтыя людзі кажуць, што яны абараняюць гістарычную праўду, а насамрэч яны падсоўваюць паўпраўду ў лепшым выпадку, а то і проста хлусню, фальшывы такі прыхарошаны міф.

Па-першае, яны кажуць пра Вялікую Айчынную, нібыта такі вось патэтычны тэрмін, але насамрэч яны адсякаюць два першыя гады Другой сусветнай вайны. А ў гэтыя два гады змясціліся многія падзеі, якія разбураюць вось той прыгожы міф пра барацьбу абсалютнага дабра супраць абсалютнага зла. А менавіта, што два тыраны, два дыктатары, Гітлер і Сталін, пры дапамозе патаемнай угоды падзялілі Еўропу. Яны раздзіралі на кавалкі Польшчу ў 1939 годзе. Потым Сталін далучыў, акупаваў краіны Балтыі, напаў на Фінляндыю. Праўда, там ён “абламаў зубы”, але тым не меней з боку Савецкага саюза тады была агрэсіўная, захопніцкая палітыка пад выглядам сусветнай рэвалюцыі і іншых лозунгаў. І  тое, што Лукашэнка ў Валгаградзе абурыўся, што быў перабудовачны перыяд, калі многія паддаліся на рэваншысцкую, як ён сказаў, рыторыку, насамрэч гэта быў перыяд галоснасці, калі многім беларусам, многім савецкім людзям адкрылася праўда. Яны даведаліся, што ў 1939 годзе (Лукашэнка і Пуцін казыралі абаронай Брэсцкай крэпасці ў 1941 годзе, але ж яны ні слова не сказалі пра 1939 год), калі з двух бакоў немцы і чырвоная армія штурмавалі гэтую крэпасць, а пасля там у Берасці адбыўся сумесны савецка-нацысцкі парад. Вось такія былі рэчы.

І тое, што чырвоная армія адкочвалася ў першыя месяцы вайны пад ударамі немцаў, я сам памятаю, ў дзяцінстве чытаў кнігу пра абарону Брэсцкай крэпасці. І там  згадвалася, што з Беластока некаторыя адступілі літаральна за дзень-два. І я дзівіўся, які Беласток, гэта ж Польшча, я нават не ведаў, што на той час гэта была савецкая тэрыторыя. Вось так выкладалі гісторыю.

І цяпер Лукашэнка і Пуцін зноў накідаюць свой вось гэты куртаты, абрэзаны, міфілагізаваны варыянт гісторыі Другой сусветнай вайны і не толькі яе. То бок гісторыя служыць такім інструментальным мэтам, а менавіта, каб усіх сваіх палітычных ворагаў аб’явіць нацыстамі, такое кляймо. Гэта па-першае, а па-другое, абодва рэжымы стараюцца свае брыдкія ўсялякія ўчынкі, справы, дзеянні, здушэнне свабоды, агрэсію супраць той жа Украіны выдаць як святую барацьбу супраць нацызму.

У Маскве на святкаванне 80-годдзя збіраюцца кіраўнікі шэрагу краін, напрыклад, Куба, Венесуэла ды шэраг з постсавецкай прасторы. Будзе там і Аляксандр Лукашэнка. Для гэта святкаванне 80-годдзя перамогі ў Менску перанеслі на вечар.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з Фэйсбука Аляксандра Класкоўскага