Офіс Святланы Ціханоўскай можа пераехаць у Варшаву. Якія палітычныя наступствы гэты факт можа прынесці, абмяркоўваем з аналітыкам. Інфармацыі пакуль неафіцыйныя: у снежні 2025 года, прадстаўнікі Офіса адмаўлялі канчатковае рашэнне аб пераездзе, называючы гэта толькі адным са сцэнароў, які разглядаецца. Цяпер гэтых размоваў усё больш.

Тэму з палітычным аналітыкам інфармацыйнага агенцтва “Позірк” Аляксандрам Класкоўскім абмеркаваў Улад Гынеўскі.
РР: Апошнімі днямі распачалася палітычная дыскусія адносна пераезду Офіса Ціханоўскай. З’явілася інфармацыя, што ён з Вільні плануе пераехаць у Варшаву. Чаму мы гэта абмяркоўваем? Якая розніца, дзе знаходзіцца Офіс?
Аляксандр Класкоўскі: Па-першае, важна адзначыць, што гэтае рашэнне пра пераезд, а гэты сакрэт ужо палішынэля, проста з дыпламатычных меркаванняў афіцыйна пра гэта заяўляецца, але недзе ў кулуарах, напрыклад літоўскім парламентарам, і сама Ціханоўская пра гэта сказала. То бок, гэтае пытанне вырашана. І гэта не тэхнічнае нейкае пытанне, хаця некаторыя літоўскія дзяржаўныя дзеячы казалі, што, маўляў, узровень аховы для Ціханоўскай аслабілі, таму што гэта не адпавядае ўзроўню пагроз. Ну гэта не зусім так, мякка кажучы, таму што людзі з Офіса, у прыватнасці дарадца Дзяніс Кучынскі, кажуць, што наадварот, пагрозы ўзмацніліся, беларускія спецслужбы шантажуюць супрацоўнікаў.
І пытанне не ў тым, што нібыта мільён еўра на год ідзе на гэтую ахову. Калі Літва прапаноўвала такія ўмовы Ціханоўскай, яны ж гэты парадак лічбаў ведалі. Таму, я думаю, што тут змяніўся проста час, згаслі надзеі на перамогу беларускай рэвалюцыі, якія былі на хвалі ўздыму 2020 года. І адпаведна стаўленне афіцыйнай Вільні да беларускай апазіцыі змянілася. Тады была надзея атрымаць нейкія дывідэнты ад дэмакратызацыі Беларусі, а цяпер гэта такі чыннік, які замінае, магчыма, усталёўваць дачыненні з Менскам, плюс тут можа быць і закулісны ціск амерыканцаў, якія вядуць свае перамовы з Лукашэнкам. А Лукашэнку раздражняе тое, як ён кажа, што альтэрнатыўны ўрад прыгрэты ў Вільні.
Тут відавочнае ахаладжэнне стасункаў, ахаладжэнне стаўленне літоўскіх уладаў да беларускай апазіцыі і канкрэтна да гэтага штаба Ціханоўскай, і гэта, на жаль, сумная такая акалічнасць, таму што мы бачым і паводле сацыялагічных апытанняў, што стаўленне літоўцаў да беларусаў пагаршаецца, што цяжэй становіцца легалізавацца, пачаўся адток гэтых вымушаных палітычных мігрантаў, і эканамічных таксама, з Вільні.
Таму, калі падсумоўваць, падзеі паказваюць пра тое, што гэта развітанне з эпохай. Не проста змена адраса, а развітанне э гэтай рэвалюцыйнай эпохай. І Офісу трэба думаць не толькі як пакаваць валізкі, у якія памяшканні засяліцца ў Варшаве, а таксама думаць пра тое, як будаваць сваю працу ў гэтых новых умовах. Калі ўжо зразумела, што заўтра рэжым не ўпадзе, што надзеі на новыя масавыя выступы беларусаў, незадаволеных палітыкай рэжыму пакуль што не актуальныя, што ўздзеянне на сітуацыю ўнутры Беларусі з боку палітычнай эміграцыі вельмі абмежаванае, а разам з тым мэта дэмакратычных пераменаў застаецца. І таму пытанне пра тое, якія мусяць быць інструменты, якая тактыка, якія мусяць быць акцэнты працы.
РР: Зараз з’яўляюцца ў сетках такія жартачкі, што зараз можна паехаць у Варшаву, потым у Берлін, потым у Брусель і так можна ездзіць па ўсёй Еўропе.
Аляксандр Класкоўскі: Яшчэ болей. Каментатары праводзяць сумныя паралелі з Радай Беларускай Народнай Рэспублікі, якая таксама на пачатку была ў Вільні, потым перакачавала ў Прагу і г.д. Ну а сёння, як вядома, гэта з аднаго боку нібыта паважаная структура, але абсалютна яна да рэальнай палітыкі ўжо даўно не мае ніякага дачынення.
Гэтая сумная перспектыва, калі не перабудавацца, можа пагражаць і Офісу Ціханоўскай. Таму што, колькі б не казалі, што яе фактычна ў 2020 годзе выбралі і яна застаецца прэзідэнтам-электам, але, па-першае, прайшоў электаральны цыкл, па-другое, мяняюцца вельмі істотна варункі сусветнай палітыкі. Тут адзін чыннік Трампа проста ашаламляльны мае эфект. І ў гэтых новых умовах спадзявацца, што такая «тэфлонавая» легітымнасць 2020 года заўжды будзе аўтаматычна працаваць, не выпадае.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






