Лукашэнка і Пуцін 6 снежня плануюць сустрэцца ў Менску. Пуцін з 2000 году наведваў Беларусь 27 разоў, цяперашні візіт будзе 28. Абмяркоўваюць бяспеку і эканамічную супрацу. Праходзяць пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. У цэнтры ўвагі, як вынікае з інфармацый прапагандысцкіх СМІ – пытанні ў сферах энергетыкі, абароны правоў спажыўцоў, стварэння аб’яднанага рынку электраэнергіі. Бяспека таксама зараз на баку Расеі, паколькі Беларусі лічыцца суагрэсарам ў яе нападзе на Украіну.
На фоне гэтага важна, на якой стадыі знаходзяцца стасункі Пуцін-Лукашэнка, заўважае палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.
-Дружба з імперыяй, па-першае, няшчырая з абодвух бакоў. І па-другое, яна заўжды няроўная – гэта гульня з агнём, калі казаць пра Лукашэнку. Уся гэтая “братняя ітэграцыя” была скіраваная на тое, каб мець больш-менш прыстойную падставу далучыць Беларусь да Расеі. Гэта яшчэ з часоў Ельцына пачалося. Рэжым Лукашэнкі проста прысмактаўся да расейскіх рэсурсаў, пасля 2020 года залежнасць гэтая павялічылася, бо праз санкцыі даводзіцца ўсё болей тавару збываць у Расею, альбо праз Расею. І гэтая залежнасць вельмі небяспечная.
Калі казаць пра ментальнасць Пуціна, вось ён кажа, што Украіна – гэта штучная дзяржава, гістарычнае непаразуменне. Зразумела, што ў дачыненні да Беларусі ён думае тое самае, проста цяпер не час палохаць саюзніка. Але Лукашэнка таксама Пуціна ведае, як аблупленага. І відавочна, што Лукашэнку трошкі страшнавата, а можа і ня трошкі ад гэтых “братэрскіх абдымкаў”. Таму ён цяпер шукае нейкія выхады на Захад, у прыватнасці, праз вызваленне групамі палітвязняў.
Расея пачала фарсіраваць тэму інтэграцыі з Беларуссю ў снежні 2018 года. Беларусь і РФ сталі імкліва збліжацца ў палітычным, вайсковым і эканамічным плане на фоне ўведзеных супраць іх дэмакратычнымі краінамі маштабных санкцый.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя