BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Зяленскі ўводзіць санкцыі супраць Лукашэнкі

Зяленскі ўводзіць санкцыі супраць Лукашэнкі, Украіна таксама заяўляе, што будзе «працаваць з партнёрамі так, каб гэта мела глабальны эфект». Наш госць гэтыя крокі з эканамічнага пункту гледжання пракаментуе, але таксама гутарка пойдзе пра эфектыўнасць Каардынацыйнай рады як беларускага протапарламенту.

Аляксандр Кныровіч выйшаў з Рады чатыры месяцы таму і цяпер на палітычныя працэсы глядзіць збоку. На размову з блогерам, прадпрымальнікам, вядоўцам праграмы «Атмасфера» на ютуб-канале «Белсат» запрашае Улад Грынеўскі.

Аляксандр Кныровіч
Аляксандр Кныровіч

РР: Зяленскі ўвёў санкцыі супраць Лукашэнкі. Калі паглядзець з эканамічнага пункту і калі паглядзець на такія ўкраінскія санкцыі, ну што таму Аляксандру Лукашэнку тыя санкцыі, паколькі ён і так абкладзены санкцыямі з усіх бакоў. Як вы ўвогуле ацэньваеце такую інфармацыю?

Аляксандр Кныровіч: Я ацэньваю з пункту гледжання палітычнага, таму што, канешне, эканамічныя адносіны паміж краінамі былі перарваныя ў лютым 2022 года, то бок ужо чатыры гады таму. Канешне, сённяшнія санкцыі з боку Украіны ўсур’ёз не могуць паўплываць на штосьці ў эканоміцы Беларусі, але палітычны сэнс ёсць, таму што Лукашэнка намагаецца стаць нейкім бокам у гэтых перамовах і прапануе сябе як перамоўную пляцоўку і заўсёды кажа пра тое, што вось скончацца гэтыя падзеі і ён будзе аднаўляць Украіну.

Рашэнне прэзідэнта Зяленскага ставіць блок увогуле на гэтых думках Лукашэнкі пра тое, што ён можа быць нейкім бокам перамоваў і пра тое, што ў яго ёсць нейкая будучыня ў супрацы паміж сённяшняй лукашэнкаўскай Беларуссю і незалежнай Украінай. Яе няма, і вось гэтае рашэнне Зяленскага – гэта такі адназначны, празрысты рух, крок, нагад Лукашэнку пра тое, што не будзе нічога, нават калі спыніцца вайна.

РР: Гэта ж яшчэ можна расцэньваць як такі намёк Аляксандру Лукашэнку, мы з вамі ўжо размаўлялі пра тое, што беларуская эканоміка зараз вельмі ўварвалася ў гэты расейскі ваенны рынак, то бок шмат беларусы сёння робяць для маскалёў.

Аляксандр Кныровіч: Канешне, гэта не тое, што намёк, а наўпростава напісаныя словы ў гэтай пастанове пра тое, што санкцыі ўводзяцца ў сувязі з супрацай паміж эканомікай Лукашэнкі і ваеннай эканомікай Расеі, таму тут няма ніякіх намёкаў, тут наўпроставыя словы самога прэзідэнта і, канешне, гэта празрысты шлях да таго, каб зняць гэтыя санкцыі.

Калі нам патрэбны ўкраінскі рынак, а калісьці ён займаў 13% у нашым экспарце, гэта былі вельмі вялікія лічбы, гэта быў дзясятак добрых мільярдаў даляраў калісьці. То бок калі нам патрэбная супраца з Украінай, то тут трэба прыпыніць супрацу хаця б з ваеннай часткай расейскай эканомікі. Я ўпэўнены, што лічба была б лепшая для Беларусі, я ўпэўнены, што нягледзячы на тое, што супраца з ваеннай прамысловасцю Расеі заўважна, але патэнцыял украінскага рынку значна большы для Беларусі, чым вось гэта ваенная частка супрацы з Расеяй. Таму з эканамічнага пункту гледжання, калі б Лукашэнка быў псіхічна здаровым кіраўніком краіны, то трэба было б менавіта так і паступіць, і вырашыць. Але мы маем справы з тым, з чым маем.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя