Беларускі бізнес-блогер, сябра Каардынацыйнай Рады, Аляксандр Кныровіч разважае пра структуру і выбары ў яе, што маюць адбыцца неўзабаве.

– Я вядома буду браць удзел у выбарах у каардынацыйную раду. Для мяне першая мэта не ў тым, каб хтось перамог. Будзе перамагаць блок НАЎ з Латушкам, Азараў са сваім блокам, ці нейкія іншыя. Цяпер мы назіраем, што будзе 8 розных спісаў, што будуць канкураваць між сабою. Я не маю мэты ў тым, каб хтось асобна перамог. Я ўважаю, што поспех, гэта калі будзе шмат выбарнікаў, і калі гэта будзе мець сэнс з пункту гледжання дыскусіі, між бакамі, куды рухацца далей. Па-другое, зацікаўленасць выбарнікаў у тым, каб быў сапраўдны прадстаўнік беларускага народу, якога маюць мажлівасць выбраць беларускія грамадзяне і за мяжой, і ўнутры Беларусі. Таму гэта мая першая мэта. А другая мэта: я буду ў нейкім спісе, ужо ёсць папярэднія дамоўленасці, якія нельга агучваць. Я буду балатавацца, і буду ў меру сваіх сіл памагаць гэтаму працэсу.
РР: Спадар Аляксандр, шмат выбарнікаў, гэта, мне здаецца, міфалагічная істота. Дзе ўзяць гэтых «шмат выбарнікаў« у нашай сітуацыі? Гэта вядома, вельмі інтэнсіўная хваля рэпрэсіяў, трошачкі вясна, трошачкі адпачынкі. Як іх, скажам так, заахвоціць браць удзел у гэтым працэсе? Як толькі былі аб’яўленыя выбары, гэтыя аналітыкі казалі, што праблема з выбарнікамі, што не да канца маюць ведаць за што яны галасуюць, і якая мэта іхнага галасавання.
– Будзьма рэалістамі: цяпер рэйтынг самой структуры Каардынацыйнай рады каля нуля, і мажліва, ніжэй за нуль.
РР: Рэйтынг Каардынацыйнай рады каля нуля?
– Мы разумеем, што Каардынацыйная рада амаль не ўплывае на тое, што адбываецца ўнутры Беларусі. Мы разумеем, што нармальны чалавек, што не сочыць за палітычнымі падзеямі, чуе штось ад Каардынацыйнай рады толькі тады, калі бываюць нейкія скандалы. Скандал з Кавальковай, скандал з адлучэннем Латушкі і г.д. У мяне няма ружовых акуляраў і ілюзіяў пра тое, як беларусы ставяцца да Каардынацыйнай рады. А ўсё ж такі, мы разумеем, што цяпер за межамі Беларусі больш за 300 тысячаў людзей, што ў бяспецы. Тое, што будуць прапанаваць, у першую чаргу Павел Лібер з Новай Беларуссю, нейкую сістэму, у якой беларусы, што ў Беларусі, змогуць бяспечна прагаласаваць за кандыдатаў, спіс. Я спадзяюся, што гэта будзе бяспечна і будзе зацікаўленасць. Для мяне максімумам ёсць 100 тысячаў галасоў, што будуць адданыя. Я разумею, што гэта вельмі пазітыўны погляд на свет, але ўсё ж такі гэта максімум. І яшчэ раз падкрэсліваю, што Каардынацыйная рада ў вачах КДБ як бяльмо на воку.
Беларускае Радыё Рацыя





