Госць Рацыі – Аляксандр Кныровіч, блогер і бізнесовец, прадстаўнік спісу Пракоп’ева-Ягорава ў Каардынацыйнай Радзе, а таксама фракцыі КР “Беларусы”. Пра спрэчкі ў Каардынацыйнай радзе з ім размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.

РР: У нас прагучаў матэрыял і вы спасылаліся на словы Розы Турарбекавай, якая кажа, што гэта бальшавіцкі захоп улады. Ваша меркаванне, як гэта вы ўсё бачыце? Бо сачылі мы за пасяджэннямі Каардынацыйнай рады, я чакаў, што ўсё іначай гэта будзе. Будуць размаўляць і дыскутаваць, наладжваць нейкія масты, а тут вось бачыце – палова ўвогуле сышла з гэтага першага пасяджэння.
Аляксандр Кныровіч: Я цалкам падзяляю ваш сум, таму што я сам макісмальна расчараваны, наколькі я як чалавек пяцідзесяцігадовы магу наогул быць расчараваны – гэта мой максімум. Але давайце вернемся да словаў Розы. Я цалкам падтрымліваю тэзіс Розы Турарбекавай пра тое, што адбываецца бальшавіцкі захоп улады. Гэта цалкам бальшавіцкія паводзіны – першае. Другое – давайце будзем усё ж такі дакладнымі. Калі пачалася трансляцыя таго самага ўрачыстага пасяджэння Каардынацыйнай рады 12 чэрвеня, прысутнічалі 90 чалавек. Калі быў гэты вельмі незразумелы для мяне дэмарш, сышлі 35 чалавек, і большасць іх, нягледзячы на тое, што яны сышлі з зума, пачалі сачыць за тым, што адбываецца ў ютубе і пісаць каментары. Таму яны не вельмі сышлі, яны сышлі з зума, але засталіся дзесьці ў ютубе і каментавалі тое, што там адбываецца. Таму 35 чалавек з 90 – гэта не палова, гэта трохі болей за траціну.
Трэцяе – у чым была сутнасць 12 чэрвеня – тады адбывалася сумеснае пасяджэнне Каардынацыйнай рады другога і трэцяга склікання. Спікерам КР другога склікання быў менавіта Андрэй Ягораў. Ён меў права вызначаць парадак дня, прымаючы некаторыя пытанні, і быў вызначаны парадак дня. Ён складаўся з трох пунткаў – урачысты выступ Святланы Ціханоўскай, развітальны выступ спадара Ягорава і выступы лідараў перадвыбарчых блокаў, якія прайшлі ў КР трэцяга склікання. Гэта быў увесь парадак дня, ніякіх рашэнняў на гэтым пасяджэнні не павінна было адбывацца. І тое, што мы ведаем, а ніхто не звяртаўся ні да спадара Ягорава, ніхто не звяртаўся да сакратарыяту з нейкімі канкрэтнымі прапановамі і да мяне ніхто не звяртаўся з нейкімі канкрэтнымі прапановамі.
Тое, што мы ведаем з публічных адкрытых крыніц, што прапанова спадара Латушкі ды іншых была выключыць і не даць магчымасці былому спікеру Каардынацыйнай рады сказаць свае ўрачыстыя словы. Гэтыя дзевяць хвілін. І нашыя гледачы і слухачы могуць паглядзець у ютубе. Гэта была наўпроставая трансляцыя выступаў, у тым ліку і спадара Ягорава ў КР 12 чэрвеня.
Ён не казаў ніякіх рэчаў, якія маглі б абразіць, якія маглі наогул успрымацца як нейкая спроба захаваць уладу. Гэта проста быў урачысты апошні выступ спадара Ягорава. І менавіта намаганні не даць выступіць былому спікеру на апошнім пасяджэнні Каардынацыйнай рады другога склікання – гэта наогул што?
Для мяне гэта цалкам падлеткавыя паводзіны, помста, не разумею за што, і ніякага сэнсу, канешне, няма ў такіх паводзінах з боку Паўла Латушкі і астатніх удзельнікаў гэтага такога смешнага дэмаршу.
На жаль, што гэта адбылося, на жаль, што з гэтага пачынаецца праца Каардынацыйнай рады трэцяга склікання, але маем справу менавіта з гэтым. Падкрэслю, адзіным намаганнем гэтай групы таварышаў было не даць былому спікеру КР сказаць свае 10 вітальных словаў, і ўсё, больш нічога.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя