BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аляксандр Кныровіч: На нашай краіне таксама ляжыць адказнасць за гэтую вайну

Госць Радыё Рацыя — беларускі бізнесоўца, блогер, сябар Каардынацыйнай рады Аляксандр Кныровіч.

Фота: Аляксандр Кныровіч / Facebook

РР: 24 лютага – сёння чарговая гадавіна поўнамаштабнага ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну. Ці вы можаце прыгадаць той дзень, які ён быў у вас?

Аляксандр Кныровіч: Гэта жудасны дзень. Я нагадаю, што 22 лютага, калі мы дома з сям’ёй глядзелі выступ Пуціна, тады ўжо ў мяне было ўражанне, я імі падзяліўся з блізкімі, што гэтым не можа скончыцца, што гэта павінна мець нейкія наступствы. І праз два дні мы пачулі пра гэтае ўварванне. Гэта жудасна было. Гэта быў вялікі страх. І гэта было адчуванне, што глеба пад нагамі хістаецца. Ну і, канешне, ніхто не мог сабе ўявіць, што будзе далей. Таму што, як пісалі ўсе заходнія СМІ, два тыдні і ўсё, не павінна было быць Украіны, таму што ўсе ведалі, у якім стане знаходзіцца армія Украіны, ведалі, што непараўнальны памер эканомікі, амаль у 10 разоў эканоміка Украіны меншая за эканоміку Расеі. І таму гэта страх. Ну а тое, што адбывалася далей, дало вялікую надзею.

РР: А ці памятаеце вы тыя кадры з камер відэаназірання, якія паказалі ўкраінцы, як праз беларускую мяжу ўваходзяць расейскія войскі?

Аляксандр Кныровіч: У мяне была адна думка: мы замазаны назаўжды. Таксама як побач з гітлераўскай Германіяй былі паплечнікі з Венгрыі, Румыніі, Балгарыі. І гэтыя людзі таксама былі замазаныя тым, што адбывалася потым на тэрыторыі Савецкага Саюза. І зараз мы знаходзімся ў стане, калі мы замазаныя ў гэтую жудасную вайну. І ніводзін беларус не можа казаць, я тут ні пры чым, нават тое, што ён з’ехаў за мяжу, тое, што не падтрымлівае, не здымае адказнасці. Усё ж такі ёсць адказнасць цалкам за краіну. Так, у ёй зараз такое кіраўніцтва, якое падставілася пад Пуціна. Але гэта нашая краіна. Мы за яе павінны адказваць. І пакуль гэта не будзе вырашана, пакуль не скончыцца вайна, пакуль не будуць нейкія прабачэнні, не ў выглядзе словаў, а ў выглядзе канкрэтных дзеянняў з боку Беларусі, мы не можам казаць, што мы тут ні пры чым, мы нейтральная краіна. І гэта былі мае першыя адчуванні, калі бачыў, як ламаюцца гэтыя пагранпераходы.

Цалкам размова:

Размаўляў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя.