У Беластоку распачалася міжнародная канферэнцыя «Чвэрць стагоддзя пасля Гедройця. Польская стратэгія на наступную дэкаду», арганізаваная факультэтам міжнародных стасункаў Універсітэта ў Беластоку і Таварыствам «Усходняе партнёрства». Сярод выступоўцаў — былы Прэзідэнт Польшчы (1995–2005) Аляксандр Кваснеўскі. Яго прамова, у якой прагучаў заклік да Польшчы не забываць запаветы Ежы Гедройця, падтрымліваць Украіну і не забываць пра дэмакратычную Беларусь, выклікала цёплую рэакцыю слухачоў.

Сёння ў нашай гутарцы з Аляксандрам Кваснеўскім мы абмяркуем бяспеку Польшчы ў святле зменаў у канцэпцыі бяспекі ЗША, а таксама актуальны стан адносін з Беларуссю і геапалітычныя выклікі рэгіёну.
РР: На Канферэнцыі Гедройця ў Беластоку, сярод іншага, абмяркоўвалася новая канцэпцыя бяспекі ЗША. Наколькі ў ёй ёсць зараз месца для Еўропы і Польшчы?
Аляксандр Кваснеўскі: Гэты дакумент для нас не ёсць добры. Бо ў ім Еўрапейскі Звяз, часткай якога мы з’яўляемся, трактуецца не як партнёр, а як канкурэнт. Гэта мяняе сітуацыю ад традыцыйнай кропкі гледжання, што на ЗША заўсёды можна разлічваць. Пры Адміністрацыі Дональда Трампа мы павінны разлічваць толькі на сябе.

РР: Акрамя ўкраінскага пытання застаецца актуальным пытанне Беларусі – гэта бліжэйшы сусед Польшчы. І Ваша прэзідэнства якраз патрапіла на ўзыходжанне Лукашэнкі, пабудову вертыкалі, запачаткаванне таго, што мы зараз называем рэжымам Лукашэнкі. На Ваш погляд, якія стасункі зараз увогуле магчымыя з Беларуссю на фоне ўсяго, што адбываецца? Ці варта весці дыялог?
Аляксандр Кваснеўскі: Пакуль не дойдзе да нейкага вырашэння сітуацыі, звязанай з агрэсіяй Расеі супраць Украіны, гэта вельмі складана. Бо не можам ігнараваць той факт, што Лукашэнка не выслаў свае ваойскі ва Украіну і не ваяваў супраць Украіны. Але з іншага боку, ён удзельнічае ў лагістычнай, тэхнічнай, а таксама палітычнай дапамозе Пуціну. Ён – чалавек Пуціна, і толькі. Для нармальнага функцыянавання мяжы, транзіту, эканамічнай супрацы я не бачу зараз ніякіх магчымасцяў, бо ўвесь час з боку Беларусі мы маем дачыненне з гібрыднымі атакамі. Пакуль не бачу ніякіх перадумоў для змены стасункаў.
Цалкам гутарка:
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






