BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аляксандр Мілінкевіч: Пасля Лукашэнкі будзе барацьба не меншая чым зараз

У Варшаве адбылася сустрэча беларусаў з палітыкам і сузаснавальнікам Вольнага Беларускага Універсітэта Аляксандрам Мілінкевічам. Падчас мерапрыемства ўдзельнікі абмеркавалі сітуацыю на радзіме, шляхі выхаду з крызісу, а таксама грамадскія працэсы, якія назіраюцца за межамі краіны.

Госць Рацыі – Аляксандр Мілінкевіч – падзяліўся сваімі ўражаннямі ад падзеі, а таксама поглядам на агульную сітуацыю ў Беларусі.

РР: Як вы ацэньваеце сустрэчу, якая адбылася?

Аляксандр Мілінкевіч: Для мяне асабіста вельмі цікава, таму што мы спрачаліся, мы дыскутавалі, агучвалі розныя погляды, але грунтам для гэтага ўсяго была любоў да Беларусі. Людзям не ўсё роўна. Былі розныя людзі. Некаторых я знаю, некаторых не. Такіх сустрэчаў мне асабіста не хапае.

РР: Ці прагучалі нейкія думкі, якія асабіста вас закранулі, уразілі?

Аляксандр Мілінкевіч: Многа было важных пытанняў, таму што гэта пытанні самаацэнкі. Хто мы ёсць? Што мы можам зрабіць? Ацэнка сітуацыі, перспектыў. Кожнага гэта хвалюе. Усё ж такі тыя, што сабраліся, практычна ўсе хочуць вярнуцца. Хочуць жыць у новай Беларусі. І таму кожны мае свой план, сваё разуменне, свае прапановы. Я з многімі аргументамі згодны. Тое, што спрачаўся, гэта не значыцца, што я маю рацыю. Рацыю можа мець кожны чалавек, тым больш такая складная сітуацыя, як у нас, мала ў каго бывае.

РР: Пры гэтым многія беларусы зараз знаходзяцца у стане расчаравання. На колькі згодныя вы з такім стаўленнем, і ці бачыце нейкія натхняльныя, пазітыўныя моманты?

Аляксандр Мілінкевіч: Я думаю, тое, што з намі адбываецца – гэта адна за адной, праз пэўны час, рэвалюцыі. Часткі агульнай рэвалюцыі, якая не заўсёды з першага разу перамагае. Галандцы калісьці рабілі рэвалюцыю 80 гадоў. Гэта было вельмі даўно. Палякі рабілі 9 гадоў. Таксама не хутка. Зараз час хуткіх тэхналогій і абмену інфармацыі. Таму можа нам пашчасціць і будзе хутчэй. Але справа не ў прагнозах. Іх немагчыма зрабіць, гэта вельмі скамплікаваныя рэчы. Самае важнае нам – захаваць павагу адзін да другога, самае важнае – не руйнаваць тое, што ёсць нашым дасягненнем. А дасягненні несумненна ёсць. Тое, што мы праявілі сябе як сапраўдная нацыя ў 2020 годзе.

Няма палітычнай перамогі, але ўсё ж такі ёсць самасвядомасць, што мы народ, які годны, еўрапейскі, павінен мець перспектыву дэмакратыі і свабоды. Гэта раз. Па-другое, вельмі важны імідж краіны і нацыі ў свеце. Усё ж такі мы ўсе залежым адзін ад другога. Тое, што нас лічаць еўрапейцамі, і гэта шырока. Мне французы казалі, што так як вы правялі гэтую рэвалюцыю, французы не ўмеюць, яны калі пачынаюць пратэст – пачынаюць ламаць, біць, пераварочваць, а вы вось так мірна.

Мірна – гэта не значыць, што слаба і кепска. Мірна – гэта значыць свядома. Так і было ў 2020 годзе. Я лічу, што палітычна мы не выйгралі ў Лукашэнкі, у яго немагчыма выйграць, бо ён на ўсё згодны, ён можа страляць, можа танкі вывесці і Расея дапаможа. Але мы самі сабе даказалі, можа гэта самая вялікая перамога, што мы ёсць і будзем, і годныя таго, каб хутка прыйшлі перамены.

Трэба працаваць, многім гэта не падабаецца, маленькімі крокамі, маленькімі справамі. Усім хочацца адразу і ўсё. І я так хачу. Проста гэтыя маленькія крокі, маленькая актыўнасць, сяброўства, салідарнасць – яны вырашаць лёс Беларусі пасля Лукашэнкі. Там будзе барацьба не меншая чым зараз.

Цалкам размова:

Размаўляла Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя