Апошнім часам у дэмакратычных шэрагах апазіцыі ў замежжы з’яўляюцца розныя скандалы і кейсы, звязаныя са знікненнем людзей, у тым ліку і тых, хто займаў лідзіруючыя пазіцыі, з’явіўшыся там, можна сказаць, неадкуль. А тым часам значная частка сталых і вядомых лідараў апазіцыі працягвае сядзець у турмах Беларусі.

Госць Рацыі – Алесь Наўковіч (Лахвіч), ваяр-каліновец, сябра Каардынацыйнай рады каментуе апошнія кейсы затрыманняў сілавымі структурамі беларусаў Паўла Бялюціна і Васіля Грачыхі, а таксама знікненне Анжалікі Мельнікавай нашаму радыё.
РР: Калі ласка, пракаментуйце сітуацыю, якая адбылася з Бялюціным і Грачыхам. Вашае меркаванне на гэты конт.
Аляксандр Наўковіч: Я не ведаю ні аднаго, ні другога, але вось гэты нашумелы ролік КДБ разлічаны на людзей, якія вядуцца на тое, што кэдэбісты могуць выкрасці з тых краінаў, якія не супрацоўнічаюць з лукашысцкім рэжымам. Трэба памятаць, што ёсць такія краіны як В’етнам і прыклад Васіля Верамейчыка, якога выдалі ўлады В’етнама, якія супрацоўнічаюць.
Таму маё меркаванне – КДБ працуе, трэба быць пільнымі, але “ваўкоў баяцца – у лес не хадзіць”. Усё ж такі не такія ў іх і даўгія рукі.
Што адбываецца? Гэта ідзе маніпуляцыя, і ў страха вочы вялікія. Я не думаю, што вось гэтая паказуха, дзе яго вядуць з мехам на галаве па балотах, каб ён на жабку наступіў? Спецыяльна вочы яму закрылі ці што? Выклікалі верталёт. У гэтай лукашысцкай медыяслужбы проста шмат грошай, і яны могуць сабе верталёты, вось гэтых “балваноў у форме”, зброю, якасную карцінку і г.д.
Не трэба звяртаць увагу на тое, што нам спрабуюць навязаць. Але тое, што КДБ працуе, мы бачым на прыкладзе Верамейчыка, трэба быць пільнымі.
РР: Фактычна Васіль Грачыха ў Палку Каліноўскага, як сцвярджаюць некаторыя ваяры, быў толькі месяц. Як вы лічыце навошта ўлады разыгрываюць такое кіно, быццам злавілі “каліноўца” са стажам?
Аляксандр Наўковіч: Гэтыя ролікі зробленыя на сваю аўдыторыю, то бок паказаць беларусам у Беларусі, што ўлада кантралюе ўсё, нават той знакаміты Полк імя Кастуся Каліноўскага, што нават самых такіх “галаварэзаў” мы хапаем. І насамрэч гэтага чалавека я не ведаю, пасля ўжо даведаўся, што ён праходзіў толькі навучанне, што ён знаходзіўся месяц. Як ён патрапіў? Хутчэй за ўсё, пабыўшы месяц у ПКК, ён проста падумаў, што нідзе ён не засвечаны, і, можа, не склаўся лёс у Літве ці Польшчы, дзе ён там далей жыў, і вырашыў вярнуцца. Але мы памятаем, што КДБ працуе.
Па-другое, мне яшчэ падаецца, што такія людзі насамрэч могуць быць акцёрамі, то бок яго мэта насамрэч была прыехаць у Полк імя Кастуся Каліноўскага, проста патрапіць у любыя шэрагі, не важна, вучэбка ці не вучэбка. Калі чалавек не паехаў на баявыя, то ў мяне ўзнікаюць такія пытанні – навошта ты тады прыехаў? Пабыў у ПКК, разведаў нейкую інфармацыю, паехаў, і вось зрабілі такі сцэнар.
Таму ў мяне два варыянты – альбо чалавек не дальназоркі і не падумаў, што яго ўсё ж схопяць, а другое – гэта мог быць акцёр.
РР: Але ж там правяраюць людзей, якія туды прыязджаюць, наколькі мне вядома.
Аляксандр Наўковіч: Гледзячы, якія час разглядаем. Калі пры ўладзе ў ПКК былі махляры, то можа быць яны набіралі ўсіх і ім было ўсё роўна. І тады было прасцей патрапіць. Зараз больш жорстка, зараз ужо прайшлі рэформы.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

P.S. На пазіцыю, дзе знаходзіцца Аляксандр Наўковіч (Лахвіч), прыйшла котка з кацянятамі. Калі вы жадаеце займець якога-небудзь з гэтых кацянят, Аляксандр просіць звяртацца да яго праз сацыяльныя сеткі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота і відэа з асабістага архіву Аляксандра Наўковіча