Уваход у Каардынацыйную раду – не гучыць як «пытанне жыцця ці смерці». А таксама як шукалі жанчын для выканання гендарнай квоты. Ды чаму гэта правіла троху наблытала сітуацыю. Даведаемся ад чарговых, абраных сябраў Каардынацыйнай рады. Сёння гэта прадстаўнікі спісу «Наша справа» – дактарант Аляксандр Паршанкоў і «дзяўчына з вайны», парамедык беларускіх добраахвотнікаў з палка Каліноўскага – Анастасія “Север» Махамет. Якая дарэчы, перадае свой мандат. А вось чаму? Наперадзе падрабязней.

РР: Перад самымі выбарамі была незразумелая сітуацыя, калі з-за гендэрнай квоты трэба было двух чалавек выкінуць з вашага спісу перад самымі выбарамі. У вас якое было адчуванне?
Анастасія “Север» Махамет: Для нас гэтая сітуацыя стварыла вельмі вялікія праблемы. Нам прыходзіць каманда зняцца, а калі не здымаемся, то па факце падводзім спіс. Мы, як жанчыны, апынуліся пад двайным ціскам.
РР: Для вас гендэрнае пытанне, гендэрныя квоты – важныя?
Анастасія “Север» Махамет: Мне падаецца, што гэта перабор. Калі мы гаворым пра роўнасць, то яна мае на ўвазе, што жанчына, як і мужчына, прымае рашэнне – хачу ці не хачу. Мы не ставім нейкіх рамак. Мы проста не задаёмся такім пытаннем. У гэтым і сутнасць роўнасці – людзі маюць аднолькавыя магчымасці і прымаюць рашэнні па сваім жаданні, а не па нейкіх правілах. Сам факт гендэрнай квоты – гэта паказчык няроўнасці. На мой погляд.

РР: Не было думкі, што можа акурат я буду тым хлопцам, якому трэба будзе пакінуць спіс, каб гендэрная квота была захаваная?
Аляксандр Паршанкоў: Не было такога. Па-першае, для мяне ўваход ці не ўваход у КР не было пытаннем “жыцця і смерці”. Для мяне КР – гэта вельмі цяжкая праца. І калі нас паліваюць брудам, кажуць – вы грантасосы, ці вы нічога не робіце, я кажу, добра, але чамусьці я а першай ночы адказваю на лісты ці шукаю інфармацыю, каб адказаь на пытанні студэнтаў, а побач з гэтым нехта, хто сядзіць у Беларусі ў бяспецы ці хто адпачывае ў Гішпаніі, кажа, вось вы там у сваёй Каардынацыйнай “кішэннай” радзе. Таму я сказаў, калі мяне не абяруць, я буду толькі задаволены. Таму што ў мяне ніякай адказнасці няма. І я кажу, віншаваць няма з чым. Рэсурсаў няма, а працы шмат.
Калі вярнуцца да пытання гендэрных квотаў, то я адчуваю асабістую адказнасць увогуле за тое, як былі падрыхтаваныя выбары і як яны былі не падрыхтаваныя. Са свайго боку я ўсё зрабіў. Я высоўваў сваю кандыдатуру на віцэ-спікера. Мяне не абралі. Што тычыцца гендэрных квот, то атрымалася так, што гэта, канешне, абраза для жанчынаў. Абраза таму, што жанчыны сталі разменнай манетай. Ім сказалі, прыйдзіце, калі вы будзеце ў нашым спісе, то будзе больш магчымасці прыцягнуць мужчын. І я пастаянна чуў: мы вас возьмем у свой спіс, але вы толькі жанчыну прывядзіце.
РР: Цікавая інфармацыя. Нават так фармаваліся спісы?
Аляксандр Паршанкоў: Канешне. І гэта ганьба для нашага грамадства. Таму што, сапраўды, мы хацелі паказаць, што жанчыны маюць роўныя правы, а аказалася – не. Зноў вы як нейкі тавар. І ніхто з феміністак пра гэта не сказаў. Для мяне гэта ганьба.
Першае агульнае пасяджэнне радаў другога і трэцяга складу запланаванае 12 чэрвеня. Тут з уступным словам і прамовай выступіць Святлана Ціханоўская.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя