Выбары ў Каардынацыйную раду завяршыліся. Вызначаны 80 чалавек, якія будуць засядаць у новым КР. Аднак прагаласавалі за іх 6723 чалавекі.

Гістарычныя паралелі з сітуацыяй правёў гісторык Аляксандр Пашкевіч:
– Выбары адбыліся, адбыліся без такіх у тэхнічным плане вялікіх эксцэсаў. Яўка агульная, канешне, вельмі невысокая. Гэта няважна, і наўрад ці гэта дае органу нейкае прадстаўніцтва, і магчымасць казаць ад імя ўсяго народу. У гісторыі Беларусі працавала Рада БНР, якая ўвогуле не выбіралася такім народным галасаваннем. Вельмі складана было ёй нешта рабіць. У беларускай гісторыі быў момант, калі спрабавалі правесці альтэрнатыўныя выбары, калі ў Лукашэнкі скончыўся першы тэрмін прэзідэнцтва, гэта ператварылася ў фарс. Што да маёй пазіцыі, то сам я ў выбарах не ўдзельнічаў, гэтая пазіцыя была прынцыповая. Не змог сабе даць адказ на тое, чым гэты орган ёсць карысны, навошта ён у цяперашняй канфігурацыі сілаў патрэбны. У цяперашніх умовах, калі магчымасць палітычнай дзейнасці беларусаў не толькі ў краіне, але і па-за яе межамі вельмі звузілася.
Па словах Аляксандра Пашкевіча, ва ўмовах працы КР па-за межамі Беларусі, варта асцерагацца паўтарэння сітуацыі з беларускай «старой апазіцыяй» у 2020 годзе. Тады беларускія актывісты, якія дзесяцігоддзямі займаліся палітыкай у лукашэнкаўскай Беларусі пры адсутнасці ўмоў, не змаглі скарыстаць багаты вопыт, а на ключавыя палітычныя ролі прайшлі зусім іншыя акторы.
Беларускае Радыё Рацыя






