Ці будзе ўвогуле завершана вайна ва Украіне і калі менавіта, пакуль што вырашае толькі сам Уладзімір Пуцін. ЗША на гэта маюць малы ўплыў. Каб сітуацыю змяніць, трэба паставіць больш зброі для ўкраінскага боку, – распавёў наш сённяшні Госць Рацыі, беларускі грамадскі і палітычны актывіст Аляксандр Стральцоў, які з прычыны палітычнага пераследу на радзіме цяпер жыве ў Швейцарыі. Падрабязней – у гутарцы з Алісай Поль.

РР: Куды зараз зайшлі перамовы, ці можна вызначыць іх этап?
Аляксандр Стральцоў: Перамовы зайшлі ў тупік. Расейцы і амерыканцы дамовіліся пра спыненне агню ў пэўных кампанентах, але абодва бакі гэта смела ігнаруюць.
РР: Як Вы думаеце, чаму бакі апынуліся ў такім тупіку?
Аляксандр Стральцоў: Па-першае, я б зрабіў ацэнку спадара Уіткафа, як перамоўшчыка, якога Трамп прызначыў, прабачце, ну проста як ідыёта. Я дваццаць гадоў займаўся прафесійна перамовамі, і вынікам маіх перамоваў былі мільёны даляраў чыстага прыбытку. У Дзярждэпартаменце ЗША ёсць дзясяткі людзей, якія прысвяцілі па 30 – 50 гадоў свайго жыцця вывучэнню гэтай тэмы. Таму мне здаецца, што гэты перамоўшчык абсалютна ніхто і нічога не ведае. Калі гэты чалавек кажа, што Хрушчоў перадаў Украіне чатыры вобласці, бо Хрушчоў быў украінцам, у гэтай фразе няправільна ўсё. Гэта тэзіс расейскай прапаганды пра Крым. Гэтае рашэнне было прынятае не пры Хрушчове, а пры Сталіне. І проста Сталін памёр і не паспелі гэта аформіць. І ў рэшце рэшт, Хрушчоў не з’яўляецца ўкраінцам.
Калі казаць па сутнасці, то Уіткаф сказаў, што Украіна не будзе ў НАТА ні ў якім выпадку, што гэтыя чатыры вобласці трэба аддаваць, што Украіна зараз прайграе. Дзе ён гэта бачыў? Украіна стаіць і трымае фронт тры гады пры адстунасці падтрымкі. І так далей. І яго пазіцыя вельмі пагардлівая, што ЗША зараз без удзелу Украіны дамовяцца з Расеяй. Яна проста адмаўляе ўкраінскую суб’ектнасць.
РР: Ці сведчыць тупік у перамовах пра тое, што вайна будзе цягнуцца больш за некалькі месяцаў?
Аляксандр Стральцоў: Вайна будзе цягнуцца да таго часу, пакуль Пуцін не спыніць гэтую вайну. А ніякіх іншых варыянтаў няма.
Перамовы па завяршэнні вайны ва Украіне пачаліся яшчэ ў лютым бягучага года. Удзельнічаюць у іх тры бакі – амерыканскі, украінскі і расейскі. Аднак пакуль ніякіх канкрэтных дзеянняў з гэтага не вынікае.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






