Даклад Deloitte прадказвае, што выдаткі на абарону ў Польшчы ў перыяд 2025–2035 гг. могуць дасягнуць 1,9 трыльёна зл, што значна перавышае 825 мільярдаў зл, выдаткаваныя ў 2014–2024 гг. Паводле даклада, пікавымі будуць выдаткі 2025 года – 4,7% ВУП, а далей яны стабілізуюцца на роўні каля 4% ВУП і не вернуцца да роўняў да 2022 года.

Пачатковае фінансаванне, мяркуецца, будзе забяспечвацца праз эмісію дзяржаўнага доўгу, што дазволіць хутка набываць сучаснае абсталяванне. Аднак для доўгатэрміновай стабільнасці спатрэбіцца пошук новых крыніц фінансавання – шляхам скарачэння іншых выдаткаў або ўвядзення дадатковых падаткаў.
Рост узброеных сіл да 2033 года (да 300 тыс. салдат) суправаджаецца дэмаграфічнымі праблемамі: за пяць гадоў колькасць насельніцтва ва ўзросце 18–44 гады змяншацца на мільён, а нізкае беспрацоўе і рост заробкаў у цывільным сектары могуць ускладніць рэкрутынг. Таму неабходна інвеставаць у праграмы, якія стымулююць паступленне ў войска і падтрымліваюць канкурэнтныя ўмовы аплаты працы.
Даклад таксама падкрэслівае важнасць мадэрнізацыі ваеннага адукацыйнага сектара (рэактывацыя ваенных акадэмій, стварэнне ўніверсітэта абароны) і ўкаранення новых тэхналогій, у тым ліку штучнага інтэлекту і касмічных здольнасцяў.
Польскі абаронны бюджэт плануецца падзяліць на чатыры асноўныя катэгорыі: выдаткі на асабовыя патрэбы (719 млрд зл), на набыццё абсталявання і НДД (503 млрд зл), на інфраструктуру (111 млрд зл) і на ўтрыманне абсталявання і іншыя выдаткі (534 млрд зл).
Аўтары даклада заклікаюць максімальна выкарыстоўваць унутраныя рэсурсы праз аптымізацыю ваенных заказаў, павелічэнне канкурэнцыі і супрацоўніцтва з прыватным сектарам (у тым ліку праз дзяржаўна-прыватныя партнёрствы). Такая сумесная дзейнасць можа прывесці да скарачэння выдаткаў, павышэння якасці паслуг і развіцця інавацый як у ваеннай сферы, так і ў нацыянальнай прамысловасці, што дапаможа пазбегнуць вялікіх страт у выпадку канфліктаў.






