1158-ы дзень вайны. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і ўкраінскі лідар Уладзімір Зяленскі правялі «вельмі прадуктыўную» сустрэчу ў суботу ў Рыме, паведамляе «Еўрапейская праўда» са спасылкай на Reuters.
Сустрэча доўжылася 15 хвілін і стала першай пасля скандалу ў Авальным кабінеце ў Вашынгтоне, адбылася ў крытычны момант перамоў, скіраваных на спыненне баявых дзеянняў паміж Украінай і Расіяй.
Тым часам Крэмль заяўляе пра завяршэнне аперацыі па «вызваленні» Курскай вобласці ад украінскіх войскаў. Як паведаміў прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў, начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл РФ Валерый Герасімаў дакладаў Уладзіміру Пуціну аб завяршэнні баявых дзеянняў у рэгіёне, піша РБК. Паводле Пяскова, аперацыя, мэтай якой было вяртанне пад кантроль Масквы прыгранічных тэрыторый, што апынуліся пад кантролем украінскіх сіл у жніўні мінулага года, працягвалася амаль дзевяць месяцаў.
Украінскі Генштаб абвяргае заявы расейскага кіраўніцтва пра «завяршэнне» баявых дзеянняў у Курскай вобласці. Паводле паведамлення, абаронная аперацыя Сіл абароны Украіны там працягваецца – сітуацыя складаная, але падраздзяленні ўтрымліваюць пазіцыі, наносяць агнявое паражэнне праціўніку і вядуць актыўную абарону.
Беларускае Радыё Рацыя






