BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Арменіі з’явіцца група “За дэмакратычную Беларусь”? 

Анатоль Лябедзька

“Госць Рацыі” – дарадца Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкай супрацы Анатоль Лябедзька.

РР: Як вы можаце пракаментаваць інфармацыю пра тое, што Лукашэнка памілаваў 30-ць палітзняволеных?

Анатоль Лябедзька: Любы каментар мусіць пачынацца з віншаванняў тым, хто выйшаў на волю, а таксама іх родным і блізкім, гэта галоўнае. Што датычыць версій, якія могуць быць наконт таго, чаму раптам з’явілася такая нехарактэрная для ўладаў міласэрнасць. У мяне ёсць як мінімум чатыры версіі таго, што адбылося.

РР: То бок не было прадпасылак, што пачнецца гэты працэс?

Анатоль Лябедзька: Ведаеце, сістэма такая, што яна не скіраваная на нейкія трэнды, якія б сведчылі, што запавольвае рух канвеер рэпрэсій. Калі б такі трэнд быў, то мы б сказалі, што чакаем. Вось глядзіце, у нас было 1500 афіцыйна зафіксаваных палітзняволеных, а зараз іх 1300. Можна прагназаваць, што іх будзе 1000, потым 500 і наогул знікнуць. Але гэтага трэнду няма. Канвеер як працаваў, так скажам, у рэжыме “самага эфектыўнага канвееру Беларусі”, гэта не “МАЗ”, гэта не “БелАЗ”, гэта канвеер рэпрэсій.

РР: Выглядае, што гэтыя прэзідэнцкія выбары 2025 году пройдуць прыкладна як парламенцкія.

Анатоль Лябедзька: Размаўляем мы, на жаль, не пра выбары, а пра спецаперацыю па ўтрыманні ўлады. Я б не параўноўваў тое, што было ў 2024 годзе і што будзе ў 2025 годзе. Усё ж такі там была генеральная рэпетыцыя, а гэта ўжо датычыць непасрэдна ўлады, якая ў руках Аляксандра Лукашэнкі, тут усё ж такі іншы падыход. Чаму 2025 год важны для календара Аляксандра Лукашэнкі. Ён канешне паспрабуе перагарнуць гэтую старонку і паспрабуе стварыць адчуванне, што ён вярнуў сабе легітымнасць унутры краіны. Я думаю, што гэта не адбудзецца, што гэта не ўдасца зрабіць. Але паспрабаваць стварыць такое адчуванне, што гэта адбылося, для яго важна. Вось тут як раз будуць уключаныя розныя механізмы, у тым ліку каб папрацаваць над “помнікам”, які адбудаваны. Мы ўжо можам казаць пра нейкія элементы культу асобы.

РР: Ці ёсць у вас нейкі каментар наконт выказванняў Лукашэнкі адносна Арменіі?

Анатоль Лябедзька: Пуцін прыехаў у Баку і адразу за ім прыехала пастанова расейскіх уладаў, што армянскі каньяк дрэнна дзейнічае на далікатны страўнік расейцаў. Гэта мусіць разглядацца як эканамічная ўдаўка на Ерэван. Ерэван зараз у цяжкім стане, у сэнсе Арменія. Але разам з тым у яго з’яўляюцца нейкія прасветы. Я скажу так, што мне заўсёды было балюча назіраць за дэпутатамі з Арменіі ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, калі я там працаваў, Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Гэта было насамрэч такое балючае відовішча. Гэта заўсёды былі дэпутаты з апушчанымі вачыма. Яны націскалі на кнопкі, ціскалі іх супраць сваіх перакананняў, супраць сваёй нейкай унутранай пазіцыі.

Зараз, я думаю, у парламент вяртаецца парламентарызм. Арменія можа гаварыць тое, што яна хоча гаварыць, баронячы свае нацыянальныя інтарэсы, а не гледзячы на Маскву. Таму там вельмі такія цікавыя падзеі. Мы не выключаем магчымасці, будзем працаваць над гэтым, каб магчыма стварыць групу “За дэмакратычную Беларусь” у парламенце Арменіі. Чаму не? Зараз гэта можна спрабаваць. Я думаю, што гэта актуальна з улікам таго, што Арменія можа быць важным калідорам для беларусаў. Там трэба мець сваё лобі.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле ад 10-й хвіліны.

Беларускае Радыё Рацыя