Партнёр нумар адзін для ўсіх нас. Так пра Нямеччыну кажа Анатоль Лябедзька, дарадца па парламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе офісу Святланы Ціханоўскай. Палітык каментуе візіт беларускай дэмакратычнай лідаркі ды яе каманды ў Берлін.

Фота: Позірк
Анатоль Лябедзька тлумачыць палітычную важнасць Берліну ды спасылаецца на канферэнцыю «Новая Беларусь», дзе прымалі рашэнне – ствараць міжнародную кааліцыю.
– Без такой кааліцыі мы не прыйдзем у Еўрапейскі звяз. Без такой кааліцыі мы не пераможам хаўрус дыктатуры Пуціна – Лукашэнкі. Для стварэння такой эфектыўнай кааліцыі нам патрэбна краіна лідар, краіна донар гэтага працэсу. Патрэбна краіна-цяжкавагавік. Гэты спіс не такі вялікі – Нямеччына, Брытанія, Францыя, Італія. Тут я б разглядаў Берлін як партнёра нумар адзін для ўсіх нас.
Кіраўніца і прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінета завяршылі працоўны візіт у Берлін. Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, Уладзімір Астапенка і Аліна Коўшык сустракаліся з палітыкамі, далучыліся да дыскусій падчас Берлінскага форума «Будучыня Беларусі». Галоўныя тэмы і пытанні прагучалі, заўважае Анатоль Лябедзька:
– Патрэбныя, канешне, давер і сімпатыі на ўзроўні лідараў. Патрэбна стварыць у Берліне матывацыю і інтарэс да Беларусі. Патрэбна чарнавая праца па стварэнні дзясяткаў самых разнастайных пляцовак для супрацы. Парламент толькі адна з іх. Вельмі важна тут для мяне было асабіста, што Святлана гаварыла не толькі пра тое, што была прынятая рэзалюцыя ў восень мінулага году. Мы зараз ставім пытанне: як гэта рэалізоўваецца на практыцы.
Сярод тэм, што закраналі ў Берліне, сітуацыя ў Беларусі ды падтрымка Германіяй і Еўропай дэмакратычных памкненняў беларусаў напярэдадні новых прэзідэнцкіх так званых «выбараў», спосабы прыцягнення да адказнасці Аляксандра Лукашэнкі ды яго чыноўнікаў за рэпрэсіі супраць беларусаў.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






