BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Анатоль Лябедзька: Гэтая рэзалюцыя Еўрапарламента надзвычай важная

“Аб цяжкім становішчы палітвязняў у Беларусі”. Такую рэзалюцыю ўхваліў Еўрапейскі парламент 19 верасня ў Страсбургу. Ад уладаў Беларусі патрабуюць неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў і ўсіх незаконна затрыманых асоб. Узгадваюцца прозвішчы Алеся Бяляцкага, Марыі Калеснікавай, Ігара Лосіка, Віктара Бабарыкі, Паўла Севярынца ды іншых палітычных зняволеных.

Прыняцце гэтай рэзалюцыі нашаму радыё пракаментаваў дарадца Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і Канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька.

РР: Прыйшла да нас інфармацыя, што Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі, якая датычыць непасрэдна палітычных вязняў. На пачатак размовы можа пра той змест, які ёсць у гэтай рэзалюцыі, на колькі ён важны.

Анатоль Лябедзька: Па-першае, хачу адзначыць, у чым важнасць самой рэзалюцыі. Гэта новая кадэнцыя, новы парламент. І з чаго ён пачынае – гэта азначае, што ёсць прыярытэты. І калі мы трапляем у першую сесію, гэта азначае, што праблема палітвязняў закранае не толькі нас – беларусаў. Гэта азначае, што гэтая праблема на радарах і такой буйной міжнароднай арганізацыі як Еўрапейскі парламент.

Я ведаю, што тут ёсць і аптымісты, і песімісты, але ў цэлым гэта вялікі плюс для нас. Я не хаваю, што мы таксама рабілі пэўныя захады, каб гэтая рэзалюцыя з’явілася. Але ўсё ж такі мяч быў на той палавіне і ўсё залежала ад палітычнай волі парламентарыяў. Таму хачу павіншаваць і аптымістаў, і песімістаў сярод беларусаў – гэта важна.

Што датычна зместу. І тут трэба адзначыць яшчэ адну адметнасць – гэта была рэзалюцыя, якая прымалася па хуткай працэдуры. Тут ёсць адно абмежаванне – не больш 500 слоў. І гэта азначае, што пра ўсё немагчыма сказаць, але важна, што ў гэтых 9 пунктах знайшлося месца і для таго, каб абазначыць некаторых палітвязняў персанальна, таму што за кожным прозвішчам цэлы пласт праблем, і гэта датычыць многіх канкрэтных людзей, якія важныя для Беларусі, для міжнароднай супольнасці, але і абазначае тую ці іншую праблему. Напрыклад, інкамункада, ці рэпрэсіі, ці нейкія праблемы са здароўем у гэтага чалавека.

Таму там ёсць персанальныя кейсы і ёсць кейсы агульныя, што Беларусь застаецца болевай кропкай Еўропы. Там, дзе не шануюцца правы чалавека, дзе да сённяшняга дня людзі ў турме толькі за тое, што яны не хочуць глядзець на навакольны свет вачыма беларускага рэжыму.

Ну і, канешне, песімісты скажуць, што гэта чарговая папера, якая прынята. Але разам з тым, там ёсць і даручэнні выканаўчым структурам, каб яны трымалі гэта ў фокусе ўвагі, і напрыклад, адзначаецца важнасць таго, што калі будзе нейкі міжнародны абмен наступны, і калі тут абазначана шкадаванне, што беларусы не трапілі ў папярэдні, то гэта такі сігнал для міжнароднай супольнасці і для тых, хто займаецца такімі праблемамі, каб там знайшлося месца і для беларусаў. Ну і ёсць асобны кейс Андрэя Гнёта па Сербіі. Гэта пасланне афіцыйнаму Белграду, што не толькі беларусы, але і Еўрапейскі парламент сочыць за праблемай, у якой аказаўся беларус.

РР: І напэўна гэтая рэзалюцыя асабліва важная сёння, калі і ў дэмакратычным асяроддзі, і палітычныя лідары гавораць пра тое, што ўсё ж такі цікавасць да беларускага пытання, на жаль, у Еўропе паціху сыходзіць.

Анатоль Лябедзька: Вы маеце рацыю, так, салідарнасці не бывае зашмат.

РР: Яшчэ хацела б удакладніць пра само галасаванне, наколькі яно было адзінагалосным? Ці былі краіны, якія выказаліся супраць прыняцця гэтай рэзалюцыі?

Анатоль Лябедзька: Гаворачы тэрміналогіяй футбольных заўзятараў: Аргентына – Ямайка 5:0. 547 парламентарыяў падтрымалі праект рэзалюцыі. Толькі 21 супраць. Сярод тых, хто супраць – гэта парламентарыі, якія знаходзяцца ў радыкальных фракцыях. Яны не такія шматлікія, але гэта як раз тое апірышча, якое мае і Пуцін, і Лукашэнка – гэта крайне правыя і крайне левыя. Тут прывязка не столькі да краіны, сколькі да ідэалогіі. Але падкрэсліваю 547 і 21 – гэта пераканаўчая перамога. Так што лічбы для нас красамоўныя і важныя.

Калі яшчэ гаварыць пра лічбы, то я б звярнуў вагу, што позна ўвечары былі дэбаты па Беларусі, і запісалася ажно 27 дэпутатаў. Гэта таксама сведчанне таго, што ў новым складзе Еўрапейскага парламента ёсць багата тых, хто цікавіцца Беларуссю, хто не абыякавы да Беларусі.

Перад выбарамі ў Еўрапейскі парламент былі розныя прагнозы, што, маўляў, тут зменяцца расклады сіл і будзе менш цікавасці да дэмакратыі ў цэлым і ў тым ліку да Беларусі. Не, пакуль гэтыя лічбы сведчаць пра тое, што нам удаецца захоўваць у Еўрапейскім парламенце Беларусь не толькі ў раздзеле рознае, але і ў асноўнай павестцы дня.

Разам з тым гэтыя лічбы гавораць, што і нам трэба пра нешта думаць і працаваць. Калі я прааналізаваў спіс выступоўцаў, то там былі прадстаўнікі васьмі краінаў. І нам трэба працаваць з краінамі, якія не толькі суседнічаюць з Беларуссю, тут цікавасць натуральная. Думаем пра Гішпанію, думаем пра Партугалію, пра іншыя краіны, каб іх ангажаваць у беларускую праблематыку. Вельмі спадзяюся, што склад дэлегацыі па Беларусі, якая зараз фарміруецца, будзе адпавядаць нашым чаканням.

Цалкам размова:

Прынятая Еўрапарламентам рэзалюцыя па беларускіх палітзняволеных утрымлівае дзевяць пунктаў. Сярод іншага, у дакуменце выказваецца занепакоенасць пераследам беларусаў за мяжой. Гучыць таксама заклік да краін Еўразвязу працаваць над прыцягненнем Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці.

Размаўляла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя