BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Анатоль Лябедзька: Гэты склад Сейму Летувы быў спрыяльны для беларусаў, спадзяемся на працяг

У Сейме Летувы падсумавалі вынікі працы групы «За дэмакратычную Беларусь».

Удзел у сустрэчы прынялі дэпутаты Жыгімантас Павілёніс, Томас Тамілінас, кіраўнік фонда Адэнаўэра ў Літве Якаб Вёленштайн, грамадскі актывіст, а таксама дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкай супрацы Анатоль Лябедзька, які і распавёў пра падрабязнасці сустрэчы:

РР: Асноўныя вынікі прэс-канферэнцыі ў летувіскім сейме. Што мы можам на сённяшні момант ужо сказаць?

Прэс-канферэнцыя была прысвечаная двум пытанням. Першае – мы падсумавалі супрацу з дэпутацкай групай «За дэмакратычную Беларусь», таму што заканчваецца кадэнцыя гэтага складу сейма. Таксама мы агучылі ініцыятыву грамадскіх беларускіх арганізацый – гэта рэфлексія на выклік пад назвай Літвінізм. Што датычна першага пункту – то сапраўды ёсць што сказаць, гэты склад сейму быў для нас дастаткова спрыяльным.

Як мінімум двойчы беларускае пытанне разглядалася як на гарачай патэльні на паседжанні, і двойчы дзякуючы ў першую чаргу дэпутатам з групы нам удалося не дапусціць, каб беларусаў канчаткова адсунулі ў адну нішу з Расеяй і расейцамі. Мы ўзгадваем, што было пераадольванне вета прэзідэнта ў мінулым годзе. А ў гэтым годзе таксама і галасаванне, каб не пагоршыць сітуацыю беларусаў у прававым полі Летувы. Таксама была вялікая колькасць круглых сталоў, івэнтаў, сустрэчаў – і канферэнцыя Каліноўскага, і канферэнцыя прысвечаная дню Канстытуцыі. Усё гэта мы ладзілі ў Сейме са спрыяннем групы «За дэмакратычную Беларусь».

Мы таксама яшчэ абазначылі, што можам зрабіць да канца гэтага году. У першую чаргу мы зараз разглядаем магчымасць падпісання аб супрацы дэмакратычных сілаў і сейма Летувы. Гэта аналаг таго пагаднення, якое было падпісана паміж Святланай Ціханоўскай і Робертай Метсолай, прэзідэнткай Еўрапейскага Парламенту. Для нас гэта магчымасць і перспектывы. Паглядзім. Ці мы гэта зробім з гэтым складам сейму, ці ўжо з новым.

Мы таксама працягваем працу над супольнай заявай беларускіх палітычных партый і прадстаўнікоў фракцый. І гэта датычна ў тым ліку “літвінізму”. І будзем падчас выбарчай кампаніі ў сейм Летувы арганізоўваць наш ужо пачаты праект – «Беларускія валанцёры на выбарах у сейм Летувы». І другі пункт – гэта заява, якую падпісалі 18 беларускіх арганізацый якія працуюць у Летуве. З іх 14 публічна, і 4 не заявілі ў адкрытым звароце пра сваю пазіцыю, але ўсяго 18 арганізацый якія выступілі з заявай што асуджаюць літвінізм, у якім гавораць пра карані гэтага “літвінізму”, што гэта ФСБ, што гэта КДБ. Гэта важная заява, якая прагучала ў грамадскай прасторы.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

З «Госцем Рацыі» – дарадцам дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкай супрацы Анатолем Лябедзькам, гутарыла Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя