15 сакавіка ў Беларусі адзначаецца Дзень Канстытуцыі. Менавіта 15-га сакавіка ў 1994 годзе быў прыняты Асноўны закон краіны.
У многіх краінах Дзень Канстытуцыі — гэта сапраўднае свята, сімвал надзейнасці дзяржавы і гарантыі правоў грамадзян. У Беларусі ж гэтая дата ўспрымаецца інакш.
Пасля распаду Савецкага Саюза асноўным законам, па якім жыла краіна, была Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце, а рашэнні прымаліся Вярхоўным Саветам. Прыняцце новай Канстытуцыі ў 1994 годзе прадугледжвала ўвядзенне пасады прэзідэнта і правядзенне выбараў, на якіх перамог Аляксандр Лукашэнка, які пазней неаднаразова перапісаў Канстытуцыю пад сабе.

Палітык Анатоль Лябедзька, які ў той час быў дэпутатам Вярхоўнага Савета, у размове з Анжалікай Лялькоўскай прыгадвае, як прымаўся асноўны закон краіны.
РР: Я часту чую ад людзей, што краіна добра развівалася, калі законы прымаў Вярхоўны Савет. Таму ўзнікае пытанне, каму і чаму прыйшла ідэя ўвесці ў Беларусі пасаду прэзідэнта?
Анатоль Лябедзька: У кожнага свае крытэрыі жыцця, але натуральна, што ў 90-ых было адчуванне большай свабоды. Што датычыць пасады прэзідэнта, то гэта быў агульны такі трэк, была мода на інстытут прэзідэнта, і тут Беларусь не выбівалася з агульнага трэку. Гэта раз.
Па-другое, партыйная наменклатура, якая пакрыху губляла, калі не ўладу, то губляла падтрымку ў людзей, яна імкнулася знайсці нейкія новыя інстытуцыянальныя формы, каб заставацца каля ўлады. Канстытуцыя, працэс якой быў запушчаны, рыхтавалася пад Кебіча. Гэта былі лякалы на Кебіча.
Вось гэта два асноўных чыннікі: агульны трэнд і спроба затрымацца каля ўлады праз інстытут прэзідэнта.
РР: А як ішла праца над новай Канстытуцыяй? Якую ролю ў гэтым адыграла Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце, прынятая ў 1990 годзе? Я ўдакладню, што Беларусь да ўвядзення Канстытуцыі жыла менавіта паводле гэтай Дэкларацыі, яна замяняла Канстытуцыю.
Анатоль Лябедзька: Трэба адзначыць, што пачатак 90-х – гэта такі сістэмны шлях аднаўлення дзяржаўнасці Беларусі. Таму парадак быў менавіта такі: спачатку была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце, гэта агульныя такія рамкі, прававыя і юрыдычныя. Наступным крокам стала прыданне Дэкларацыі статуса сілы канстытуцыйнага закона. А трэці крок – гэта Канстытуцыя. То бок тут было ўсё паслядоўна і паступова. Сама праца над праектам Канстытуцыі заняла амаль тры гады. Гэта быў дастаткова вялікі прамежак часу. Былі створаныя напачатку дзве канстытуцыйныя камісіі. А пасля ўсё ж такі выйшлі на тое, каб прыняць Канстытуцыю ў тым варыянце, у якім яна была прынятая ў 1994 годзе.
РР: Неаднарагова даводзілася чуць успаміны ўдзельнікаў тых падзей, напрыклад, былы старшыня Вярхоўна Савета Мечыслаў Грыб адзначаў, што ў дэпутатаў не хапіла часу, каб падрыхтаваць сапраўды надзейны праект Канстытуцыі, і паводле ягоны слоў, у асноўным законе аказаліся слабыя месцы, якія пазней дазволілі Аялксандру Лукашэнку ўзурпаваць уладу. Мечыслаў Грыб таксама падкрэсліваў, што дэпутаты вельмі спяшаліся з прыняццём Канстытуцыі.
Анатоль Лябедзька: Насамрэч на падрыхтоўку пайшло амаль тры гады. Гэта дастатковы час. А вось сама працэдура прыняцця – яна праходзіла няпроста. І насамрэч узніклі вялікія дыскусіі і дэбаты. На той час праект Канстытуцыі больш-менш адпавядаў і духу і патрабаванням часу. Трэба сказаць, што хібы можна знайсці ў любым дакуменце. Але вось з прыняццём узніклі праблемы – не хапала кворуму. І тады знайшлі такое ноў-хаў – проста паехалі з урнай па дэпутатах. І прагаласавалі.
Падаецца, што самай вялікай праблемай было не столькі недахоп часу, а тое, што была закладзена ў палітычную сістэму прэзідэнцкая форма кіравання. Падкрэсліваю, праект Канстытуцыі рыхтаваўся пад Кебіча. Яму гэтая «шынель» аказалася завялікай. А вось для Лукашэнкі, які стаў першым прэзідэнтам, што не прагназавалі аўтары Канстытуцыі 1994 года, яна аказалася замалой. І таму тут пытанне было толькі часу, калі Лукашэнка пачне «распорваць» гэтую Канстытуцыю і «перашываць» пад сябе.
Цалка размова:
Канстытуцыя Беларусі змянялася чатыры разы — у 1995, 1996, 2004 і 2022 гадах.
Папраўкі ініцыяваў Аляксандр Лукашэнка, і яны паступова ўзмацнялі ягоныя паўнамоцтвы.
Найбольш важнай стала змена 2004 года, якая скасавала абмежаванне на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў. Гэта дало магчымасць дзейнаму кіраўніку дзяржавы балатавацца неабмежаваную колькасць разоў.
Беларускае Радыё Рацыя






