Пульс беларускага жыцця – там дзе працуюць групы «За дэмакратычную Беларусь», так пра адзін з аспектаў міжнароднай палітыкі кажа Анатоль Лябедзька з Офісу Святланы Ціханоўскай. Якія пытанні пра Беларусь сёння ўздымаюць прадстаўнікі розных краін ды як шукаюць шляхі іх вырашэння? Пра гэта размова з нашым госцем.

РР:Вы каардынуеце дзейнасць парламенцкіх груп «За дэмакратычную Беларусь», якія дзейнічаюць у розных парламентах Еўропы. Давайце палічым, колькі гэтых груп.
Анатоль Лябедзька: Працэс у руху. Заканчваюцца кадэнцыі, праходзяць выбары, дзесьці гэта пачынаць з нуля, дзесьці з дзесяці адсоткаў. Таму мы кажам, што ў нас сітуацыя 20+, дзе ў нас стала працуюць групы, і 5 – дзе працэс на пачатку, ці засталіся дэпутаты папярэдняй кадэнцыі. Так што ў суме выглядае на 25 – там дзе ў нас ёсць парламентарыі, да якіх мы можам «пагрукаць у дзверы», яны адчыняць і не здзівяцца, чаму мы пагрукалі.
РР: Як гэта ўвогуле працуе? Вы гаворыць, «пагрукаць у дзверы», гэта мне здаецца дастаткова абстрактна. Не будзе Анатоль Лябедзька грукаць у дзверы ў нейкія парламенцкія кабінеты. Ці можа для беларускай палітыкі і такія рэчы патрэбныя сёння?
Анатоль Лябедзька: Не, грукае. А як інакш? Гэта кажам вобразна. Ты можаш грукацца ў сацыяльных сетках, ты можаш сустракацца за кавай. Вось зараз я планую ў чэрвені ехаць у Берлін, сустракацца з дэпутатамі, якія мусяць адыграць важную ролю ў фармаванні новага складу дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь» у бундэстагу. Хтосьці там застаўся з папярэдняй кадэнцыі, але ўсё роўна ўсё пачынаецца з таго, што ты вызначаеш нейкую ключавую асобу, ці асобы, і праз яе рэалізуеш планы па стварэнні групы. То бок, персанальная камунікацыя, персанальныя кантакты.
РР: Напярэдадні сустрэчы ў вас праходзілі таксама ў Швецыі. Ці тут ёсць нейкія важныя навіны?
Анатоль Лябедзька: Так, у ріксдагу было тры сустрэчы са Святланай Ціханоўскай і яе камандай. Гэта віце-спікерка ріксдагу, гэта дэпутатская група «За дэмакратычную Беларусь» і гэта кіраўнікі і чальцы дэлегацыі ріксдагу ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы і Парламенцкай асамблеі АБСЕ. І я скажу так, калі адным сказам, дзе ёсць групы «За дэмакратычную Беларусь» – ёсць пульс беларускага жыцця. Яно можа быць больш актыўным, менш, але яно ёсць. І гэта вельмі важна. Гэта ўжо пацверджана практыкай не аднаго году. Ёсць групы – мы можам вырашаць нейкія пытанні. Не ўсе, таму што група «За дэмакратычную Беларусь» – гэта не супольнасць Дзедаў Марозаў, у якіх ёсць нейкая чароўная палачка. Але гэта тое, за што мы можам «зачапіцца», нейкі такі плацдарм, які мы можам пашыраць.
І мы маем ужо пазітыўныя практыкі вырашэння пэўных праблемных пытанняў. Таму было вельмі важна сустрэцца, прагаварыць не толькі тое, што нам падабаецца, дзе ў нас ёсць поспехі, але ёсць і праблемныя сітуацыі. Я гаварыў: а колькі вас тут у ріксдагу, амаль 350 дэпутатаў, а колькі з іх хросныя для беларускіх палітвязняў? Чатыры? А ў групы? Нуль. Гэта гаворыць, што ў нас тут ёсць перспектывы росту. І было ім, я бачыў па тварах, няёмка, што група ёсць, а не ўзяла хроснага. Гэта вельмі практычнае пытанне.
Зараз ідзе дыскусія ў сацсетках пра тое, наколькі хросныя эфектыўныя. Няма тут нейкіх лякалаў. Тут залежыць ад многіх чыннікаў. Ад самога дэпутата, сям’і палітвязня, наколькі яна адкрытая для такіх камунікацый, ад калегаў, ад сяброў. Я ведаю вельмі паспяховыя кейсы. Калі хросныя станавіліся добрымі знаёмымі, ці нават сябрамі, пасля таго як людзі выходзілі з турмы. Таму гэта толькі адзін кейс, які я закрануў. Яшчэ ёсць пазітыўныя навіны, што некалькім беларусам далі палітычны прытулак бежанства. Гэта добра. Але мы гаворым, што 90% – гэта адмовы. Што мы будзем рабіць? Вот так стаіць пытанне. Гэта не значыць, што мы там сустрэліся і сказалі, якія вы файныя, дзякуй-дзякуй, і разышліся. Там ідзе нармальная размова пра тое, што мы можам зрабіць.
Цалкам матэрыял:
У 2023 годзе дэпутацкія групы «За дэмакратычную Беларусь» аб’ядналіся ў супольны альянс. Чарговыя паседжанні альянсу плануюцца увосень у Парыжы, там збяруцца дэпутаты з 25 краінаў.
Беларускае Радыё Рацыя