BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Анатоль Лябедзька: Ужо зараз дастаткова падстаў не прызнаваць гэтыя выбары

Еўропа сочыць за беларускімі, так званымі, выбарамі. І нават зараз ужо ёсць падставы іх не прызнаваць. Кажа па выніках шэрагу сустрэч у Бруселі – Анатоль Лябедзька, дарадца па парламенцкім супрацоўніцтве і Канстытуцыйнай рэформе Офісу Святланы Ціханоўскай.

Палітыкі прапануюць Еўрапарламенту прыняць рэзалюцыю па сітуацыі ў Беларусі з акцэнтам на правядзенне свабодных і справядлівых выбараў, якія б вывелі краіну з палітычнага крызісу, кажа Анатоль Лябедзька:

– Была дыскусія, яна і доўжыцца. Былі такія смелыя прагнозы, што, маўляў, Еўропа, Еўрапейскі звяз, Захад ужо спісалі дэмакратычныя сілы Беларусі, што, маўляў, закончылася легітымнасць і Святланы Ціханоўскай, і ўсё прапала. Мы бачым, што цягам цэлага тыдня была вялікая колькасць івентаў, імпрэзаў, сустрэчаў, прэзентацый, падчас якіх да беларусаў прыходзілі чыноўнікі, палітыкі высокага рангу, і гэта якраз адказ тым скептыкам, што на Беларусь махнулі рукой. Не! Беларусь знаходзіцца ў еўрапейскім парадку дня. Падчас Беларускага тыдня было шмат розных падзеяў і канферэнцыя высокага ўзроўню, у якой прымала ўдзел і Прэзідэнтка Еўрапейскага Парламента Метсола, новы камісар па пашырэнні Еўрапейскага звязу, іншыя палітыкі, дзе абмяркоўваліся актуальныя беларускія пытанні.

Што датычна рэзалюцыі Еўрапейскага Парламента – яна будзе, гэта дакладна. Гэта вызначылася падчас сустрэч-кансультацый з дакладчыкамі па Беларусі і палітычных груп Еўрапейскага Парламента і сустрэчамі з прадстаўнікамі дэлегацый па Беларусі Еўрапейскага Парламента. Там была дыскусія, калі лепш прымаць такую рэзалюцыю, таму што звычайная практыка – завяршаецца выбарчая кампанія і постфактум рэфлексія, ацэнка таго, што адбылося. Але ў гэтым унікальнасць вось гэтай выбарчай кампаніі, якая ладзіцца рэжымам Беларусі, што ўжо зараз дастаткова падстаў і прававога характару, і палітычнага, каб не прызнаваць гэтыя выбары як тыя, якія адпавядаюць міжнародным стандартам і стандартам АБСЕ. І ў гэтым якраз унікальнасць сітуацыі, таму рэзалюцыя па Беларусі ў цэлым, і ў прыватнасці па ацэнцы так званых выбараў будзе зроблена ў студзені ў Страсбургу на сесіі Еўрапейскага Парламента. Няма чаго тут хаваць, яна будзе негатыўная, будзе непрызнанне гэтых фэйкавых выбараў.

РР: Будзе прапаганда гаварыць, дыскутаваць на гэтую тэму, што вось выбары яшчэ не прайшлі, а іх ужо прызналі быццам несправядлівымі. Вам не здаецца, што гэта нейкія крокі наперад, мо варта паглядзець на гэтыя выбары, мо яны якімі іншымі будуць?

–  Калі мы параўноўваем сённяшнюю сітуацыю з тым, што было, было дрэнна. Сённяшняя сітуацыя – гэта далей ужо няма куды, проста тупік. Пра якія выбары мы можам казаць, калі адзінае месца для дыскусіі – ці 400, ці 300, ці 500 тысяч выбаршчыкаў у Беларусі пазбавілі магчымасці быць абранымі. Па Канстытуцыі, нават лукашэнкаўскай, кожны можа прэтэндаваць, калі ты адпавядаеш пэўным крытэрам узроставым, іншым, але ты можаш прэтэндаваць быць кандыдатам у прэзідэнты. А людзей сотнямі тысяч узялі і выкрэслілі. Таксама як пазбавілі іх наогул нават права прагаласаваць. Гэта не адзінкі, дзясяткі людзей, гэта, падкрэсліваю, сотні тысяч.

У Еўрапарламенце таксама прэзентавалі пазітыўную альтэрнатыву для Новай Беларусі, пра што расказаў Анатоль Лябедзька. Да адмысловай канферэнцыі ў Бруселі далучыліся больш за 50 удзельнікаў, сярод якіх міжнародныя эксперты, дыпламаты, чальцы Каардынацыйнай Рады і прадстаўнікі пераходнага кабінета.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя