Беларуская асацыяцыя журналістаў падвяла вынікі года. Арганізацыя хоць і ліквідаваная ўладамі ў Беларусі, аднак БАЖ працягвае існаваць як паўнавартаснае журналісцкае аб’яднанне ў Літве.

Андрэй Бастунец
Як зазначае кіраўнік БАЖ Андрэй Бастунец, увага як да Беларусі ў цэлам, так і да беларускіх медыя на фоне войнаў і канфліктаў зніжаецца. Акрамя аўдыторыі беларускіх медыя і ўвагі ўладаў Беларусі, якія працягваюць ціск на СМІ і, на жаль, сітуацыя не паляпшаецца.
– Нягледзячы нават на тое, што хтосьці з нашых калег выйшаў на волю, чаму мы вельмі рады, але працягваюць іншых кідаць за краты. І не толькі ў гэтым справа. Справа ў тым, што ўлада выкарыстоўвае завочную вытворчасць супраць у тым ліку журналістаў. Праходзяць ператрусы, ціск на сваякоў. Журналісты, нават тыя, што выехалі за межы краіны, не могуць адчуваць сябе спакойна.

Алег Агееў
На сёння ў турмах Беларусі знаходзіцца не менш за 45 супрацоўнікаў медыяў. Паводле намесніка старшыні БАЖ і кіраўніка Прававога цэнтра БАЖ Алега Агеева, рэпрэсіі ўзмацняюцца для тых журналістаў, якія засталіся яшчэ ў Беларусі:
– Расце колькасць людзей, якія пакутуюць праз рэпрэсіі. І расце колькасць відаў рэпрэсій. Адпаведна тыя, хто з’ехаў, у іх праблемы – гэта легалізацыя, гэта праблема пошуку жытла, праблема медыцынскай дапамогі, псіхалагічныя праблемы, прычым і для тых, хто застаўся, і для тых, хто з’езаў. Канешне, па меры магчымасці Беларуская асацыяцыя журналістаў спрабуе дапамагаць усім – і палітзняволеным, і тым, хто застаўся і працуе з Беларусі, і тым, хто выехаў.
Дамагацца вызвалення ўсіх беларускіх медыйшчыкаў — адна з галоўных задач БАЖ. Нагадаем, агулам палітвязняў зараз у Беларусі налічваецца 1265 чалавек. Гэта тых, каго прызналі праваабаронцы, насамрэч іх нашмат больш.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






