BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Андрэй Курэйчык: З’явіўся шанец даціснуць Пуціна да няхай хісткага, але ўсё ж перамір’я

Нават калі акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі па выніках перамоваў застануцца з Расеяй, яны ўсё роўна дэ-факта ўсім цывілізаваным светам будуць лічыцца ўкраінскімі. Так, напрыклад, было з Літвой, Латвіяй ці Польшчай у час СССР. У гэтым перакананы Госць Рацыі – лектар і навуковы даследчык Йельскага ўніверсітэта, драматург, чалец Каардынацыйнай рады Беларусі Андрэй Курэйчык. Падрабязней пра бягучы стан перамоўнага працэсу – у гутарцы з Алісай Поль.

Фота з адкрытых крыніц

РР: Як Вы ацэньваеце стан перамоўнага працэсу зараз?

Андрэй Курэйчык: Мы бачым, што сапраўды, з’явіўся нейкі шанец, што могуць даціснуць Пуціна да няхай хісткага, але ўсё ж перамір’я. Ён нават аб’явіў пра такое трохдзённае перамір’е на Дзень перамогі, але зразумела, што гэтага замала. І ідуць кансультацыі. Бачым чырвоныя лініі і з украінскага боку, і Пуцін, як агрэсар, жадае таксама неяк захаваць твар і захаваць тыя тэрыторыі, якія ён захапіў. І неяк гэта легалізаваць. На жаль, Трамп не мае нейкай такой яснай маральнай пазіцыі. Ён працуе як бізнесмен у гэтым асяроддзі. І ён гатовы на кожны кампраміс, але ж каб гэта вайна, якая з яго кропкі гледжання, гэта нават не вайна Расеі і Украіны, гэта вайна Байдэна, каб яна завяршылася. І ён мог свайму выбарцу гэта паказаць. Таму ён цісне на абодва бакі. І ёсць нейкі план, які быў апублікаваны, які з’яўляецца, як ён лічыць, кампрамісным. Паглядзім, ці гэта прывядзе да сталага перамір’я.

РР: Што мы можам разумець пад такім кампрамісам? І які кампраміс зараз быў бы магчымы?

Андрэй Курэйчык: Зразумела, што адваяваць вось гэтыя тэрыторыі: часткі Запарожскай, Херсонскай, Данецкай, Луганскай абласцей і Крым Украіна зараз не мае моцы, таму што ЗША фактычна прыпынілі вайсковую дапамогу, якая б дазволіла зрабіць сур’ёзныя змены на фронце. Гэта з аднаго боку. З іншага, мы разумеем, што і Пуцін не мае таксама зараз моцы, каб зрабіць зараз нейкую сур’ёзную аперацыю і зламіць Украіну. Украіна ўжо іншая. Яна мае вельмі прафесійную, самую, мабыць, прафесійную армію ў Еўропе. І матывацыю біцца да апошняга. Таму таксама не мае ніякага сэнсу для яго разгортваць нейкія сур’ёзныя наступальныя аперацыі. І вось кампраміс ляжыць па лініі гэтага размежавання. Але пытанне тут юрыдычнае – ці будуць прызнаваць за Пуціным гэтыя тэрыторыі, ці не. Гэта першае пытанне. А другое пытанне – гэта, а хто будзе кантраляваць гэтае перамір’е? Ці гэта будуць нейкія войскі еўрапейскія, ці гэта будуць тэхнічныя інспектары ЗША, ці нехта іншы. Гэта сур’ёзны мамент, які зараз не вырашаны. Не вырашаны статус Запарожскай АЭС і Кахоўскай ГЭС. І за іх статус таксама ідзе барацьба. Вырашаецца, каб ЗША фактычна мелі над імі кантроль, і неяк балансавалі паміж ваюючымі краінамі. Вось дзесьці там і закапаныя асноўныя рычагі гэтых перамоў.

Андрэй Курэйчык перакананы, што амаль што адразу ж пасля заключэння перамір’я і спынення дзеяння ваеннага стану ва Украіне пройдуць прэзідэнцкія выбары.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя