BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Андрэй Кушняроў: Калі страцім краіну, то дэмакратыі не будзе

З сённяшнім “Госцем Рацыі” былым айцішнікам, які свабодна валодае ангельскай мовай, Андрэем Кушняровым, жаўнерам УСУ, спікерам фракцыі “Беларусы” ў Каардынацыйнай радзе мы паразмаўлялі пра тое, што трэба рабіць, каб у Беларусь прыйшла дэмакратыя.

Ці патрэбны нам санкцыі, ці ёсць у нас лідар нацыі і якімі нам трэба быць для будучай перамогі. Найперш да нашага госця мы звярнуліся з набалелым пытаннем пра санкцыі, на якія мы ўскладаем вялікую надзею па вызваленні палітвязняў, а потым і краіны. Гаворыць Андрэй Кушняроў:

Навошта яно нам патрэбна, каб Беларусь гандлявала не з Еўропай, а з РФ. Я хачу гэта пачуць, каб сказалі, наколькі гэты гандаль зменшыцца і што мы ад гэтага чакаем. Калі гэта насамрэч прынясе карысць, калі павелічэнне гандлю з Расеяй ці з Кітаем прывядзе да нейкіх пазітыўных вынікаў, то давайце працаваць у гэтым накірунку.

Калі мы так не лічым, калі мы лічым, што нам трэба неяк аддзяляць эканоміку Беларусі ад расейскай эканомікі, то гэта таксама трэба прагаворваць і казаць, што мы перагледзім санкцыйную палітыку такім чынам, каб “Беларуськалій” і расейскі “Уралхім”, каб санкцыі супраць іх былі аднолькавымі ці былі рознымі. Як мы хочам гэта рабіць, з кім мы будзем працаваць. Такі планы маюць быць, яны не павінны быць абстрактнымі.

РР: Як тады пазбавіцца ад Лукашэнкі, калі даць яму гандляваць з Еўропай?

Андрэй Кушняроў: Трэба разумець, ці можам мы ўвогуле такім чынам пазбавіцца ад Лукашэнкі. Можна сказаць, што мы будзем праводзіць канферэнцыі і яны нейкім чынам паўплываюць на тое, што сыдзе. Але трэба разумець колькі такіх канферэнцый трэба правесці, каб ён пайшоў.

РР: Я думаю без узброенай пагрозы ён не сыдзе.

Андрэй Кушняроў: Я таксама так думаю.

РР: Дзе ж яе ўзяць?

Андрэй Кушняроў: Калі мы кажам пра ўзброены супраціў супраць Лукашэнкі, то мы павінны разумець. Прыбярэм Лукашэнку са зброяй у руках. Што мы будзем рабіць з расейскім войскам, якое прыйдзе на падтрымку таго самага Лукашэнкі. Калі мы зноў прайграем краіну і яна будзе акупаваная і расейцы будуць стаяць у Берасці і Гародні, то ці трэба гэта ўвогуле рабіць. Я за тое, каб рабіць нейкую справу, але трэба разумець вынікі гэтай справы.

Не трэба руйнаваць усё проста таму, што больш нічога не можам зрабіць. Мы не можам нічога зрабіць, каб Лукашэнка сышоў, то давайце зробім усё, каб зруйнаваць беларускую эканоміку. Навошта? Калі руйнаванне беларускай эканомікі прывядзе да таго, што Лукашэнка сыдзе, гэта адна гісторыя, але ж гэта не прывядзе. Мы ж бачым прыклады шматлікіх краін, дзе эканоміка зруйнаваная, але там дыктатура. Мы павінны разумець, што толькі свядомае грамадства, у якога ёсць грошы, гарадскі сярэдні клас, ён можа штосьці зрабіць.

У 2020 годзе выйшла так шмат людзей, бо з’явіўся гэты гарадскі сярэдні клас. Эканоміка Беларусі была не на дне, яна была даволі ў неблагім стане, у людзей быў неблагі заробак. Яны змаглі падняць галаву і сказаць, што хочуць большага. Дык што мы маем рабіць? Рабіць так, каб у Беларусі людзі жылі горш або лепш? Гэта таксама трэба зразумець. Што мы хочам, каб у Беларусі жылі лепш. Што нам трэба для гэтага рабіць, санкцыі не санкцыі, як нам гэтага дасягнуць. Магчыма нам трэба пакуль працаваць так, каб больш людзей ездзіла ў Еўропу, а не менш, каб яны глядзелі, як працуе дэмакратыя. Каб яны маглі паехаць на вучобу, каб яны маглі паехаць на працу і маглі пасля гэтага вярнуцца ў Беларусь.

РР: Выходзіць, што зараз трэба адмяніць санкцыі і замірыцца з Лукашэнкам?

Андрэй Кушняроў: Не кажам пра тое, што трэба замірыцца з Лукашэнкам. Трэба разумець, што мы можам зрабіць і навошта мы гэта робім. Калі тое, што мы робім, яно не працуе, то навошта гэта рабіць? Я не кажу, што трэба замірыцца з Лукашэнкам, я кажу пра тое, што Лукашэнка не раўняецца Беларусь. Калі мы кажам, што трэба зруйнаваць Беларусь, каб забіць Лукашэнку – гэта дурное. Бо я люблю сваю краіну, я не хачу зруйнаваць Беларусь, каб кагосьці там забіць ці кагосьці пасадзіць у турму. Я хачу, каб мая краіна была незалежнай нягледзячы ёсць там Лукашэнка ці няма. Калі краіна будзе, то далей мы можам працаваць, Лукашэнка, Гайдукевіч, Ціханоўскі, Бабрыка ці хтосьці яшчэ. Для таго, каб у гэтай краіне была дэмакратыя, трэба каб краіна была. Калі мы страцім краіну, то ніякай дэмакратыі там не будзе.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя