Пасля працяглых перамоваў у Джыдзе (Саудаўская Аравія) ЗША і Украіна заявілі аб гатовасці да 30-дзённага перамір’я. Аднак зараз далейшыя крокі залежаць ад рэакцыі Масквы. У сумеснай заяве падкрэсліваецца, што ключом да міру з’яўляецца “ўзаемнасць з боку Расеі”.

Сітуацыю каментуе сябра Каардынацыйнай Рады, старшыня Асацыяцыі беларускіх ветэранаў ва Украіне Андрэй Кушняроў:
– Сэнс гэтых перамоваў з ЗША і ўвогуле гэтай гульні з ЗША – гэта будзе Украіна атрымліваць ваенную падтрымку ці не будзе. Пытанне нават не столькі ў прамой падтрымцы, а колькі ў дазволе для саюзнікаў перадаваць нам інфармацыю, тэхналогіі. Я не ведаю, пагадзіцца Расея ці не. Разнастайныя дамовы Расея не выконвае. Расейскі бок яўна выйграе час на перагрупоўку арміі, на тое, каб сабраць рэзервы. Я не ўпэўнены, што добра мець перадышку для ўкраінскай арміі. У цэлым мяч на баку Расеі, і гэты мяч там можа знаходзіцца даволі доўга.
На думку Кушнярова, Расея можа выкарыстоўваць магчымае перамір’е не для разрадкі канфлікту, а для перагрупоўкі сваіх сіл і стварэння ваеннага ціску ў раёне сувальскага калідора і Латвіі. Таксама Кушняроў падкрэсліў, што само пагадненне па рэдказямельных металах і прысутнасць ЗША ва Украіне не даюць краіне дастатковых гарантый бяспекі, а самое перамір’е можа прывесці да ўнутранай напружанасці.
Беларускае Радыё Рацыя