BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Андрэй Мялешка: Бліжэйшыя пяць месяцаў Грузію чакае хваля пратэстаў

У Грузіі прыняцце парламентам закону “Аб замежных агентах” справакавала масавыя акцыі пратэсту па ўсёй краіне. Пратэстоўцы называюць новы закон прарасейскім і гавораць, што выступаюць супраць павароту краіны ў бок аўтарытарызму. Амерыканскія сенатары назвалі дзень прыняцця закону “Аб замежных агентах” чорным днём для грузінскай дэмакратыі. А лідары ЕЗ заклікалі Грузію адмяніць дадзены закон. Ці паўплывае палітычны крызіс на Каўказе на беларускіх эмігрантаў? І ці бяспечна беларусам, якіх пераследуюць у Беларусі, заставацца ў Грузіі?

На гэтыя і іншыя пытанні адказвае журналіст Андрэй Мялешка, які жыве цяпер у Батумі, у гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: На гэтым тыдні было досыць напружана ў Грузіі. Ці гэта толькі падаецца праз кампутар з інтэрнэту?

Андрэй Мялешка: Напружана было ў Тбілісі. У Тбілісі кожны дзень адбываюцца акцыі. У нас у Батумі таксама кожны дзень нехта выходзіць. Але цікава, што акцыі тут кожны дзень мяняюцца, кожны дзень можна пабачыць новыя твары. Апошнія два дні – гэта акцыі грузінскай «Мары», пра якія мала хто піша. Грузінская «Мара» – прадзяржаўная арганізацыя. Іх акцый у Батумі большасць. Так здаецца на вуліцы, бо можа гэтых людзей пазбіралі з раёнаў. Бо ў Тбілісі на прадзяржаўных акцыях былі людзі з раёнаў, якія нават не разумелі, чаго яны прыехалі ў Тбілісі.

РР: Патлумачу слухачам, з-за чаго ў Грузіі на гэтым тыдні напружанне. Гэта звязана з тым, што прынялі закон “Аб замежных агентах”. Частка грамадства не ўспрыняла гэты закон. Хтосьці кажа, што гэта паварот у расейскі аўтарытарызм, маўляў, гэта расейскі закон. А вось якія настроі ў Грузіі, па тваіх адчуваннях? 50 на 50? Ці ўсё ж такі большасць не прымае гэты закон. Ці наадварот – больш падтрымлівае ўладу.

Андрэй Мялешка: Я нават сказаў бы, што 50 на 50, як вы кажаце. Бо тут залежыць ад таго, у якім рэгіёне Грузіі ты знаходзішся. У Тбілісі – то гэта рэгіён, які больш рэвалюцыйна настроены, дзе людзі будуць выходзіць, я нават думаў, што гэтыя выхады на вуліцу будуць працягвацца ажно да кастрычніка. Бліжэйшыя пяць месяцаў Грузію чакае хваля пратэстаў. Таму што ў кастрычніку ў Грузіі адбудуцца выбары ў парламент. І ёсць перспектывы таго, што прэзідэнтка Грузіі будзе кіраваць апазіцыйным блокам.

РР: Давай нагадаем расклад, што ў Грузіі закон прынялі большасцю галасоў у парламенце, а прэзідэнтка Грузіі збіраецца накласці вета на гэты закон.

Андрэй Мялешка: Яна ўжо двойчы накладала вета. Гэта зараз трэці раз. Тут пытанне ў тым, што ў парламенце большасць месцаў (85) займаюць дэпутаты грузінскай «Мара». Гэта такая, як тут кажуць, прарасейская партыя, хаця яна напэўна больш прадзяржаўная, прагрузінская. Бо астатнія партыі і кааліцыі, якія ўваходзяць у парламент Грузіі, яны больш праеўрапейскія.

РР: А якая сітуацыя ў Батумі?

Андрэй Мялешка: Батумі горад, у якім у мясцовым самаўрадзе 49% займае грузінская «Мара» і столькі ж – 49% займаюць партыі, якія ўваходзяць у апазіцыйны блок. Таму тут вельмі цяжка прадказваць, што можа адбыцца да кастрычніка. Бо калі былі акцыі ў падтрымку Саакашвілі, то яны былі большыя па колькасці ўдзельнікаў, чым акцыі грузінскай «Мары». Зараз у нас перыяд дажджоў, то людзей не так шмат выходзяць, але некалькі дзён таму былі мітынгі апазіцыі па 5-7 тысяч удзельнікаў.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя