BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Андрэй Мялешка: Грамадзянскай вайны ў Грузіі не будзе

У Грузіі не спыняюцца пратэсты, выкліканыя заявай тамтэйшых уладаў адмовіцца ад курсу на еўраінтэграцыю. У лідараў грузінскай апазіцыі прайшлі вобшукі, а 18 актывістаў знаходзяцца пад следствам за арганізацыю беспарадкаў. У гэтай сітуацыі ва ўразлівым становішчы знаходзяцца беларусы, якія эмігравалі ў Грузію з палітычных прычын.

Чым можа скончыцца супрацьстаянне не вуліцах Грузіі разважае журналіст, колішні жыхар Батумі Андрэй Мялешка ў размове з Юліяй Сівец:

РР: Андрэй жыў у Грузіі і добра разбіраецца ў тым, што там цяпер адбываецца. Нагадаем, што яго не пусцілі ў Грузію, і цяпер ён знаходзіцца ў Польшчы. Але сёння мы будзем гаварыць пра сітуацыю ў самой Грузіі. Пачнем з таго, наколькі для цябе было чакана, што ў Грузіі пачнецца супрацьстаянне. Давай нагадаем нашым слухачам, з чаго яно пачалося.

— Тое, што адбываецца ў Грузіі, я б назваў працягам парламенцкага крызісу, які пачаўся яшчэ напрыканцы кастрычніка. Чаму я называю гэта парламенцкім крызісам? Бо ў кастрычніку ў Грузіі прайшлі парламенцкія выбары, пасля якіх быў сфармаваны новы парламент.

– Сучасны парламент, які складаецца са 150 дэпутатаў, большасцю месцаў у якім валодае партыя, вядомая як «Грузінская мара».

– Чатыры апазіцыйныя кааліцыі, якія таксама маюць сваіх прадстаўнікоў у парламенце, адмовіліся прымаць удзел у яго працы. Нягледзячы на тое, што яны былі абраныя народам, гэтыя апазіцыйныя групы па-ранейшаму адмаўляюцца ўвайсці ў парламент.

– Тое, што цяпер адбываецца на вуліцах Тбілісі, Батумі, Зугдзідзі і іншых гарадоў, звязана з заявай прадстаўнікоў «Грузінскай мары», у тым ліку прэм’ер-міністра, аб тым, што краіна адмаўляецца ад еўраінтэграцыі.

– Пасля гэтага пачалася хваля пратэстаў у розных гарадах. Цяпер на вуліцах ідуць жорсткія сутыкненні: ёсць параненыя, выкарыстоўваюцца вадамёты, слёзацечны газ і нават гумовыя кулі. На маю думку, гэтыя пратэсты павінны былі пачацца значна раней.

РР: «Грузінская мара» адмовілася ад еўрапейскага шляху развіцця. Як ты думаеш, чаму? Асабліва ўлічваючы, што ў 2008 годзе Грузія ваявала з Расеяй, якая акупавала частку тэрыторыі краіны. Чаму зноў адбываецца паварот у бок Расеі?

— Думаю, асноўная прычына ў фінансах. Адзін з лідараў «Грузінскай мары» — мільярдэр, які зарабіў свае грошы ў Расеі на нафце, золаташукальніцтве і іншых выкапнях. Гэта расейскія грошы. І менавіта праз гэтую партыю яны ўплываюць на кіраванне краінай. Па сутнасці, краінай кіруе не парламент і не прэзідэнт, а гэты мільярдэр.

РР: Як гэтая сітуацыя ўплывае на беларусаў, якія жывуць у Грузіі па палітычных прычынах?

— Беларусаў, якія засталіся ў Грузіі, вельмі мала. Многія спрабуюць пакінуць краіну, каб пазбегнуць дэпартацыі. Асабліва гэта датычыцца актывістаў, якія выходзілі на акцыі ў падтрымку Украіны ці грузінскага народа. Ім паступаюць папярэджанні ад грузінскай службы бяспекі, што ў кожны момант яны могуць быць дэпартаваныя.

– Многія беларусы цяпер спрабуюць атрымаць візу і з’ехаць у Еўропу, падаючы заявы на міжнародную абарону. Некаторыя шукаюць новыя напрамкі, як Албанія ці Сербія, а іншыя нават разглядаюць Аргенціну і Бразілію.

РР: Наколькі лёгка цяпер беларусам атрымаць польскую візу?

— На жаль, насуперак абяцанням, пакуль няма ніводнага выпадаку, каб хтосьці атрымаў польскую візу па новых правілах. Польскія консульствы працуюць паводле стандартных працэдур, і адказ могуць даць толькі праз 14 дзён.

РР: Як ты думаеш, як доўга будзе працягвацца гэтае супрацьстаянне?

— Грамадзянскай вайны, на маю думку, не будзе. Думаю, праз два-тры месяцы сітуацыя стабілізуецца. Цікавы факт: пасля апублікавання спісаў сілавікоў, якія ўдзельнічалі ў падаўленні пратэстаў, многія пачалі звальняцца. У Грузіі сямейныя каштоўнасці маюць вялікае значэнне, і такія сілавікі баяцца, што іх асудзяць сваякі.

РР: Калі сітуацыя стабілізуецца, хто выйграе?

— Мяркую, што «Грузінская мара» зможа дамовіцца з часткай апазіцыі, каб сфармаваць рабочую большасць у парламенце.

РР: Гэта значыць, што еўрапейскі шлях развіцця Грузіі завершаны?

— Так, на жаль, такая верагоднасць існуе. Але калі кіраўніцтва Грузіі зразумее, што еўраінтэграцыя дае не толькі фінансавую падтрымку, але і субсідыі для адукацыі, сельскай гаспадаркі, школ і універсітэтаў, то, магчыма, яны зноў вернуцца да гэтага шляху.

РР: Калі развіццё сітуацыі будзе негатыўным, Грузія павернецца да Расеі?

— Магчыма, Грузія стане краінай, дзе будзе кіраваць расейскі капітал. Але народ Грузіі гэтага не хоча.

РР: Што чакае беларусаў, калі сітуацыя будзе развівацца па песімістычным сцэнары?

— Тыя беларусы, якія ўжо адаптаваліся ў Грузіі, працягнуць жыць сваім жыццём, займаючыся культурнымі і адукацыйнымі праектамі. Астатнія, магчыма, будуць шукаць магчымасці для пераезду.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя