BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Андрэй Саннікаў: Быў рэальны шанец нешта змяніць

У дзень чарговага спектаклю ў Беларусі пад назвай «выбары» мы запрасілі ў госці да Беларускага Радыё Рацыя кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года, былога амбасадара, каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», палітвязня Беларусі, вязня сумлення Андрэя Саннікава.

З вышыні гадоў мы пацікавіліся ў нашага госця, як цяпер ён успрымае выбары 2010 года і 1994, што думае пра тую пастаноўку, якая праходзіць сёння ў Беларусі, пра тое, калі і што намі было страчана і як выратаваць Беларусь:

РР: Ці быў рэальны шанец нешта змяніць у 2010 годзе?

Рэальны шанец быў, і мы гэты шанец бачылі. Я заўсёды кажу, што ў 2010 годзе адбылося паўстанне, і мы прапаноўвалі перамовы. Прапаноўвалі перамовы тым людзям, якія былі ва ўладзе. Шчыра кажучы, да нас прыходзілі людзі, якія таксама не публічна хацелі, каб гэта адбылося.

У турме КДБ мы разам са Змітром Бандарэнкам спрабавалі працягваць гэтую лінію: што будзе эканамічны крызіс, трэба нешта рабіць, трэба ратаваць краіну, трэба ратаваць незалежнасць. Шанец быў, і шанец быў вялікі. Але настолькі напалоханы быў Лукашэнка, што ўпершыню, седзячы ў бункеры, ён аддаў загад ужываць сілу ўжо ў дзень выбараў. Раней гэтага не было. Ён чакаў, пакуль з’едуць назіральнікі, пакуль з’едуць журналісты. Галоўнае для яго зло — гэта назіральнікі і журналісты.

РР: Ці добра было, што ў 2010 годзе было так шмат кандыдатаў у прэзідэнты? Можа, лепш было тады аб’яднацца?

Не, аб’яднацца немагчыма было, таму што былі фэйкавыя кандыдаты. Мы ведалі іх, і ўвогуле гэта не да мяне пытанне, таму што мы ведалі, што ў нас самая моцная каманда, і Лукашэнка будзе рабіць усё, каб нас нейтралізаваць. Таму што ў нашай камандзе былі ўсе знакавыя апазіцыйныя фігуры. Мы ведалі, што рабілі. Астатнія… гэта на іх сумленні, бо, не сабраўшы подпісаў, яны пайшлі і згулялі разам з Лукашэнкам.

Я не лічу, што гэта нешта змяніла, бо ён відавочна прайграў гэтыя выбары. Было відаць, што ён не набраў 50%. Пра гэта сведчылі і тыя, хто назіраў, тады яшчэ была магчымасць там назіраць.

РР: Ці сабралі астатнія кандыдаты, акрамя вас, 100 тысяч подпісаў? Той жа Рымашэўскі, Раманчук, Статкевіч?

Я ведаю, што не сабралі. Рымашэўскі дакладна не сабраў. Хіба Някляеў сабраў.

Да Статкевіча ў мяне няма пытанняў, таму што Статкевіч ішоў ваяваць, і мы былі разам, мы былі аднадумцамі. Калі вы заўважылі, мы былі разам з ім на плошчы. Мы пайшлі да ўваходу ў Дом ураду, калі нехта быццам бы паклікаў. Някляева збілі, іншыя зніклі, мы засталіся. І зноў жа, гэта на сумленні астатніх.

Я дакладна ведаю, хто сабраў і хто не сабраў, бо мы камунікавалі з тымі людзьмі, якія займаліся зборам подпісаў іншых кандыдатаў.

РР: Ці можаце назваць тых, хто сабраў?

Я ведаю, што сабраў Някляеў і я. А за астатніх я проста не магу адказаць.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:

З нашым госцем кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2010 года, былым амбасадарам, каардынатарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», палітвязнем Беларусі, вязнем сумлення Андрэем Саннікавым размаўляла карэспандэнтка Радыё Рацыя Аліна Андрыевіч.

Беларускае Радыё Рацыя