Фота: delfi.lt
Літоўцы выбіраюць прэзідэнта. Учора, 9 траўня, закончылася датэрміновае галасаванне. Сярод фаварытаў дзеючы прэзідэнт Гітанас Наўседа, прэм’ер-міністарка краіны Інгрыда Шыманітэ і адвакат Ігнас Вегеле. Ці паўплываюць выбары прэзідэнта на становішча беларусаў у Літве? На гэтае пытанне адказвае беларускі грамадскі дзеяч, праваабаронца і заснавальнік Фонда салідарнасці BYSOL Андрэй Стрыжак:
– Калі казаць пра тое, хто з гэтых трох кандыдатаў быў бы лепшы для Беларусі, то ў прынцыпе калі мы глядзім на ўсе расклады, то Наўседа і Шыманітэ больш-менш адпавядаюць таму, што трэба беларусам. З трэцім кандыдатам складанасці, таму што за ім ёсць шлейф некалькіх скандалаў, якія нібыта звязаныя з пераадоленнем санкцыйнага бар’еру.
Паводле Андрэя Стрыжака, наўрад ці зменіцца і стаўленне літоўскіх уладаў да Офіса Святланы Ціханоўскай і яе самой пасля выбараў:
– Размовы ідуць ад 2020 года, як толькі стала зразумела, што сітуацыя зацягваецца і штосьці з гэтым трэба рабіць. Гэта частка дыскурсу ўнутранай літоўскай палітыкі, дыскусія пра тое падтрымліваць ці не падтрымліваць, якім чынам падтрымліваць, зачыняць цалкам мяжу ці не. Як гэта ўдарыць па эканоміцы і так далей. Думаю, што сітуацыя будзе развівацца дастаткова паступова, яна не будзе імкліва мяняцца незалежна ад таго, чым скончацца гэтыя выбары.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
За пасаду прэзідэнта Літвы змагаюцца восем палітыкаў. Адначасова з прэзідэнцкімі выбарамі ў Літве праходзіць абавязковы рэферэндум аб легалізацыі падвойнага грамадзянства.
Беларускае Радыё Рацыя