BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Анонс перадачы “Мы бачым”: Юрась Зянковіч

Юрась Зянковіч – палітык, юрыст, былы палітзняволены, прасядзеў 4 гады ў лукашэнкаўскай турме, з красавіка, то бок прыкладна 4 месяцы на свабодзе. Вялікую гутарку з Юрасём паслухаем у панядзелак, 25 жніўня, у перадачы “Мы бачым”, сёння анонс гэтай размовы.

Юрась Зянковіч
Юрась Зянковіч

Ці варта падаваць у амерыканскія суды пазовы супраць Лукашэнкі і ўсіх датычных да рэпрэсіяў, чаму Трамп тэлефануе Лукашэнку, ці магчымае, як заяўляе амерыканскі прэзідэнт, вызваленне вялікай групы палітычных зняволеных? А таксама – што самае невыноснае ў беларускай турме? Прапануем анонс размовы.

Юрась Зянковіч: Самае невыноснае, калі цябе ізалююць ад усяго навакольнага свету, калі сядзіш без навінаў, без людзей, няма з кім размаўляць, сядзіш адзін проста месяцамі ў камеры, у чатырох сценах, як вось гэтая студыя, прыкладна ў такім памяшканні. Два, тры, чатыры, пяць месяцаў. Ведаю, што Сяргея Ціханоўскага больш за год так трымалі. Мяне амаль паўгода так трымалі.

РР: Прэзідэнт Трамп тэлефануе Лукашэнку, называе яго “шаноўным прэзідэнтам”, “магутным прэзідэнтам”. Злучаныя Штаты легітымным прэзідэнтам Лукашэнку не прызналі. І тут Дональд Трамп робіць яму крок насустрач. Дапусцім, гэта падрыхтоўка да вызвалення вялікай групы палітычных вязняў. Ён нават называе лічбу 1300 чалавек. І тут пытанне да цябе, да чалавека, які прасядзеў у беларускай турме 4 гады, і які ведае, што ёсць лукашэнкаўская турма. Варта прызнаць Лукашэнку за кошт вызвалення людзей? Дарэчы, да канца не ведаем, на якія бонусы спадязецца Лукашэнка.

Юрась Зянковіч: Я так паціху спадзяюся, што будуць адзіныя бонусы – гэта добрыя словы з боку Трампа. І мне здаецца, што гэта добрая цана. Калі за тое, што Трамп яго па тэлефоне назаве «шаноўным прэзідэнтам», ці «магутным прэзідэнтам», калі за гэты кошт выйдзе 1300 чалавек на свабоду, у тым ліку такія палітычныя зняволеныя як Алесь Бяляцкі, як Анджэй Пачобут, я думаю, гэта добрая цана, таму што Лукашэнка проста так іх не адпусціць, нешта павінен атрымаць, то няхай лепш атрымае пустыя словы, чым нешта больш матэрыяльнае і канкрэтнае.

Юрась Зянковіч
Юрась Зянковіч

РР: Думаеш, магчымае вызваленне гэтых самых знакавых палітзняволеных?

Юрась Зянковіч: Мікола Статкевіч, на жаль, я думаю, выйдзе адным з апошніх. Лукашэнка будзе яго тымаць да апошняга, таксама як і Міколу Аўтуховіча. Таксама і Паўла Севярынца. Яны выйдуць апошнімі. Але я моцна спадзяюся, што цяперашняя гэтая загрыўка паміж Трампам і Лукашэнкам усё ж такі прывядзе да вызвалення людзей.

РР: А думаеш, Дональд Трамп сапраўды верыць, што беларускія турмы апусцеюць, што тыя хто сядзяць, выйдуць на волю, а новых не набяруцца. Бо як па мне, гэта малаверагодна. Скажу нават, гэта цалкам нерэальна. Гэта жывы тавар, абменны тавар. Бяры, гандлюй, абы толькі бралі. А можа Лукашэнка спадзяецца не толькі на поціск рукі, але, скажам, на зняццё нейкіх санкцый.

Юрась Зянковіч: Лукашенка безумоўна спадзяецца на нешта большае. Іншая справа, што Захад павінен выступаць адзіным фронтам, і вызваленне палітзняволеных павінна быць перадумовай таго, што Лукашэнку ўвогуле выслухаюць. То бок, перш чым мы з ім будзем гаварыць пра нейкае зняццё санкцый, магчымае зняццё санкцый, першае – павінны быць вызваленыя закладнікі. І гэта правільная тактыка не толькі ў размове з дыктарамі, але і ў размове з тэрарыстамі, спачатку выпусці людзей, а далей мы будзем абмяркоўваць, ці магчыма задаволіць твае патрабаванні.

Гэта анонс перадачы “Мы бачым”, поўную размову з Юрасём Зянковічам можна будзе паслухаць у бліжэйшы панядзелак. Пачатак аб 14.10 па беларускім часе.

Беларускае Радыё Рацыя