BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Антон Аксенцюк: Лукашэнка спрабуе ўзмацніць легітымнасць на фоне жадання Расеі ўзяць «перадышку» у вайне

25-га снежня Аляксандр Лукашэнка, адказваючы ў Санкт-Пецярбургу на пытанні журналістаў перад пасяджэннем Вышэйшай Еўразійскай эканамічнай рады (ЕАЭС), заявіў, што тактычная ядзерная зброя (ТЯЗ) дастаўлена з Расеі ў Беларусь «даўно», «у добрым стане», а «апошняя пастаўка» адбылася на пачатку кастрычніка. Акрамя таго Лукашэнка намякнуў, што наступны год можа быць шанцам для Украіны, каб урэгуляваць пытанне вайны.

Мы пагутарылі з экспертам Праграмы русістыкі і беларусістыкі аналітычнага цэнтра «Українська призма» Антонам Аксенцюком пра тое, для чаго Лукашэнка зрабіў такія заявы; наколькі існуе рэальная ядзерная пагрозы з боку Беларусі для Украіны; ці паўплываюць выбары ў Расеі на вайну; і якія перспектывы для Украіны азначае прэм’ерства ў Польшчы Дональда Туска:

РР: 25 снежня ў Санкт-Пецярбургу была сустрэча. Лукашэнка заявіў, што наступны год можа быць годам шанцу для Украіны. На Ваш погляд, што адбываецца? Ці Лукашэнка проста грае ролю міратворца, ці сапраўды ёсць нейкі шанец? Ці гатова Украіна да перамоваў з Расеяй?

– Перш за ўсё трэба разумець, што яго ідэя ў 2024 падысці да працэсу перамоваў выплывае з стратэгіі Пуціна, якая палягае на ўсталяванні так званага трывалага пермір’я. Упершыню ён гэтую канцэпцыю агучыў яшчэ месяц таму, падчас правядзення анлайн-саміту БРІКС, якая была прысвечаная ўсталяванню міру паміж Ізраілем і ХАМАСам на тэрыторыі Сектара Газу. І падчас сваёй прамовы Пуцін агучыў магчымасць увядзення такога тэрміну, як «доўгатрывалае перамір’е». І з гэтага моманту расейскія палітычныя дзеячы пачалі распаўсюджваць гэтую прапанову ў розных падкантрольных расейскіх СМІ.

Гэтая прапанова дайшла да свайго апагею падчас апошняга артыкулу, які выйшаў у «Нью-Ёрк Таймс», які быў прысвечаны якраз пытанню магчымых перамоваў, аўтары якога пішуць, што Пуцін яшчэ з пачатку верасня 2023 году ўвесь час падае пэўныя сігналы якія сведчаць пра тое, што ён гатовы да перамоваў. І якраз там гучыць гэты тэрмін «доўгатрывалага перамір’я». Мы ўсе разумеем, што праблема перамір’я палягае на тым, што расейская ўлада выкарыстае гэты тэрмін, выкарыстае перамір’е для таго, каб узмацніць свае ўласныя ўзброеныя сілы. Ім проста патрэбны перапынак для таго, каб перагрупавацца, і з новымі сіламі працягнуць агрэсію супраць Украіны. І ў гэтым кантэксце мы павінны разумець прагненні Лукашэнкі. Але мы разумеем, што на дадзены момант ніякая дамова паміж Расеяй і Украінай немагчымая, таму што Расея не адмовіцца ад акупацыі ўкраінскіх тэрыторый. Таму ў гэтым кантэксце ўсе размовы пра перамір’е недапушчальныя.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

З «Госцем Рацыі» – з экспертам Праграмы русістыкі і беларусістыкі аналітычнага цэнтра «Українська призма» Антонам Аксенцюком, камунікавала Вольга Сямашка.

Фота з архіва Антона Аксенцюка

Беларускае Радыё Рацыя