Прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Дональд Трамп пагутарыў з Аляксандрам Лукашэнкам пра вызваленне 1300 палітвязняў. А пасля – апублікаваў пост, дзе назваў суразмоўцу «глыбока паважаным прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь». Што гэта азначае для краіны? Ці варта спадзявацца на выпуск палітвязняў і ў такой колькасці?

Пра гэта Госць Рацыі – амерыканіст, дарадца Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Антон Пянькоўскі – распавёў нашай журналістцы Марыне Савіцкай.
РР: Як вы ацэньваеце гутарку Аляксандра Лукашэнкі з Дональдам Трампам?
Антон Пянькоўскі: Перш за ўсё гэта пэўны крок, пэўны зрух у беларускім кейсе. Мы бачым фокус амерыканскай зацікаўленасці на вызваленне палітычных зняволеных з-за кратаў рэжыму Лукашэнкі. Па пярэдніх дзеяннях адміністрацыі Трампа і па тых двух званках мы можам судзіць аб тым, што зараз вызваленне палітзняволеных разглядаецца амерыканскім урадам як прыярытэт нумар адзін у вырашэнні гуманітарнага крызісу ў Беларусі. Астатнія пытанні не з’яўляюцца настолькі тэрміновымі і прыярытэтнымі ў бягучых абставінах.
РР: Разам з тым пасля гэтай гутаркі Дональд Трамп размясціў пост, у якім у прыемных колерах адгукаўся пра гутарку з Аляксандрам Лукашэнкам. На ваш погляд, гэта хутчэй дыпламатычны крок, альбо ўсё сапраўды так «вясёлкава»?
Антон Пянькоўскі: Па-першае, гэта менавіта дыпламатычная лексіка, то бок ставіцца да свайго суразмоўцы з павагай, і гэта плюс-мінус нармалёвая з’ява ў сусветнай палітыцы. І па-другое, мы ведаем з паводзінаў самога Дональда Трампа як ён любіць, калі да яго ставяцца з павагай, калі яго сусветныя лідары хваляць, таму ён часта вельмі высока ацэньвае свае размовы, калі ён задаволены вынікамі. І безумоўна, як мы бачылі ў папярэднія разы, дадаванне ўвагі Аляксандру Лукашэнку, яго такая квазі-легітымізацыя, разуменне, што вядзецца размова з сур’ёзным чалавекам, могуць паспрыяць, менавіта праз эга Аляксандра Лукашэнкі, каб ён таксама пайшоў насустрач і зрабіў пэўныя ўжо фактычныя крокі па пытаннях, якія цікавяць амерыканскі ўрад. То бок, гэта ў добрым сэнсе маніпуляцыя з боку амерыканскага ўраду, каб дамагчыся вынікаў, па пытаннях, якія іх цікавіць.
РР: На ваш погляд, Аляксандр Лукашэнка пойдзе на сапраўднае вызваленне палітвязняў? Ці з яго боку гэта проста гульня?
Антон Пянькоўскі: Я б не казаў, што гэта гульня. Мы назіраем апошні год вызваленне невялікімі групамі палітвязняў з беларускіх турмаў, але ўсё ж такі мы не можам чакаць адначасовага вызвалення 1300 палітвязняў, пра якіх напісаў Дональд Трамп у сваёй сацсетцы. Але ўсё ж такі гэта значны зрух, гэта падкрэсленне таго, што камунікацыя па гэтым пытанні ідзе вельмі актыўна. І такія камплементарныя каментары як з боку Дональда Трампа і яго атачэння, якое пасля таксама тэлефанавала Аляксандру Лукашэнку, ну і з боку чынавенства Лукашэнкі і яго самога сведчыць аб тым, што менавіта такі трэк можа паспрыяць у вырашэнні калі не агульнага крызісу ў Беларусі, то неяк падштурхнуць Лукашэнку больш актыўна вызваляць людзей з-за кратаў.
Р: Пры такой гісторыі, што правільна было б зрабіць дэмакратычным сілам Беларусі, якія цяпер знаходзяцца ў эміграцыі, для таго каб трэк вызвалення палітвязняў працягваўся і насамрэч меў сапраўдныя, рэальныя наступствы?
Антон Пянькоўскі: Гэта вельмі цікавае пытанне. Бо, як мы разумеем, такіх эфектыўных рычагоў ўплыву на заходнія ўрады ў беларускіх дэмакратычных сілаў у выгнанні па сутнасці няма, яны не могуць прымусіць прыняць пэўнае рашэнне амерыканскі ці еўрапейскія ўрады. Яны не могуць пакласці значныя аргументы, акрамя агульначалавечых каштоўнасцяў.
Я б сказаў, што тут беларускім дэмакратычным сілам трэба быць вельмі асцярожнымі, бо вельмі складана чакаць, што заходнія ўрады і амерыканскі ўрад па факце будуць прымаць больш жорсткія рашэнні, больш жорсткія інструменты наконт Аляксандра Лукашэнкі, бо відавочна яны вызначыліся з найбольш прыярытэтнай мэтай, і як мы бачым па дзеяннях Дональда Трампа, яго цікавяць хуткія вынікі, і менавіта па гэтым пытанні яны могуць дамагчыся таго, што цікавіць менавіта амерыканскі ўрад, і тое, што яны бачаць сваім амерыканскім нацыянальным інтарэсам.
Я б сказаў, што беларускім дэмакратычным сілам трэба быць вельмі асцярожнымі, вельмі асцярожна выступаць з заявамі, асабліва адносна саміх заходніх урадаў, саміх Злучаных Штатаў. Ні ў якім разе не рабіць нейкіх жорсткіх заяваў з патрабаваннямі пэўных крокаў. Таму што мы не можам быць упэўненымі, што гэта: а) спрацуе, б) гэта не прывядзе да негатыўных наступстваў в) гэта не можа сарваць ужо бягучы трэк, які можа быць безальтэрнатыўным. То бок, калі ў амерыканскага ўраду не атрымаецца зрабіць тое, што яны запланавалі зрабіць зараз, не факт, што яны пад нейкімі дадатковымі аргументамі дэмакратычных сілаў зменяць стратэгію на нешта іншае, хутчэй за ўсё яны могуць увогуле ахаладзець да беларускага кейса, што вядома не ў інтарэсах беларускіх дэмакратычных сілаў.
Цалкам размова:
Нагадаем, па стане на 18 жніўня, па звестках праваабарончага цэнтра “Вясна”, у Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1184 чалавекі
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Антона Пянькоўскага.






