Можа нейкі дыялог, альбо яшчэ мацнейшы міжнародны ціск на ўлады ў Менску пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі. Палітычная дыскусія ў дэмакратычных колах пасля вызвалення Сяргея Ціханоўскага. Якая роля тут Амерыкі, а можа і самога Дональда Трымпа?

Тэму закранаем з аналітыкам і амерыканістам – Антонам Пянькоўскім, які ў сваіх сацыяльных сетках піша «публічныя патрабаванні пачынаюцца там, дзе не працуюць кулуарныя перамовы». Пра гэта далей размова.
РР: Ці можна непаліталагічна акрэсліць, што трошкі пачалася нейкая дзвіжуха ў стасунках: афіцыйны Менск, дзе сядзіць Аляксандр Лукашэнка, і афіцыйны Вашынгтон, дзе Дональд Трамп?
Антон Пянькоўскі: Безумоўна гэта так. Але з маленечкімі ўдакладненнямі. Маленькія дробязі, яны маюць пераважную значнасць у тым, што тычыцца дыпламатыі і міжнародных стасункаў. Мы мусім разумець, што гэтыя кантакты, альбо пэўны працэс, ён пачаўся не зараз. Ён хутчэй пачаўся яшчэ мінулым летам. І з мінулага лета мы па спасылачках, у тым ліку і ў беларускіх медыя, бачылі пэўную інтенсіфікацію непублічных візітаў амерыканскіх дыпламатаў у Менск.
Частка з іх была акрэдытаваная яшчэ да амбасады ЗША ў Беларусі, альбо да аддзелу па стасунках з Беларуссю ў амбасадзе ЗША ў Вільні. Частка з іх увогуле прыязджала з дзярждэпу з Вашынгтону і была акрэдытаваная на рэгіён цалкам. Мы належым да такога ўмоўнага рэгіёну: Беларусь – Малдова – Украіна. Заўсёды Беларусь шчыльна працавала з гэтымі краінамі ў оптыцы амерыканскага дзярждэпу. І вось праз шэраг гэтых візітаў, праз няпэўныя ці дамоўленасці, ці проста размовы беларускага чынавенства і амерыканскіх дыпламатаў мы можам назіраць пэўныя маленечкія крокі нават з вынікамі.
У часы пэўнай адлігі ў стасунках рэжыму Аляксандра Лукашэнкі з заходнімі дэмакратыямі, прыблізна акрэслім 15-20-ыя гады, у заходніх дыпламатаў, якія працавалі ў Беларусі, была такая мантра: стэп бай стэп, крок за крокам. Тады панавала датычна Беларусі стратэгія маленькіх крокаў. То бок, рэжым Лукашэнкі робіць пэўныя маленькія крокі па паляпшэнні стану правоў чалавека ў Беларусі, пэўныя эканамічныя рэформы, насустрач яму робяцца пэўныя крокі заходніх дэмакратый. Ці прыпыняюцца пэўныя санкцыі, не адмяняюцца, але прыпыняюцца.
РР: Заходнія дэмакратыі гэта не толькі ЗША?
Антон Пянькоўскі: Безумоўна. Напрыклад той жа Еўразвяз, альбо тая ж Японія. Японію беларускія прапагандысты заўсёды «ўкідваюць» у калектыўны Захад. Але ж Японія – які гэта Захад? Паліталагічна кажучы, нам усё ж такі лепей выжываць заходняй дэмакратыяй, у сэнсе мадэляў.
РР: Храналічна гэта змянілася з прыходам Трампа? Ці і пры дэмакратах гэтыя кантакты «намацваліся», наладжваліся, пачыналіся?
Антон Пянькоўскі: Мы дакладна не ведаем, бо нікога з беларускіх аналітыкаў на гэтых сустрэчах не было і ўсе гэтыя сустрэчы былі з вельмі абмежаванай публічнасцю, нават без ніякіх заяваў. Мы можам толькі па такіх ускосных прыкметах аналізаваць тое, што адбывалася.
Я лічу, тое, што мы назіралі ў апошні год – гэта безумоўна пачыналася пры дэмакратах, гэта тое, што мусіць распрацоўваць знешне-палітычнае ведамства Злучаных Штатаў пры любой адміністрацыі. То бок, «прамацваць» пэўныя магчымасці і глядзець на верагоднасць. У іх мусіць быць некалькі вельмі добра распрацаваных планаў. Безумоўна гэта ажыццяўлялася яшчэ пры дэмакратах, але ўсё ж мы мусім разумець, што ў дзярждэпе працуе вельмі шмат кар’ерных дыпламатаў, альбо мы можам іх назваць бюрактратамі, якія наўпрост будуюць кар’еру, незалежна ад таго што зараз пануе – дэмакратычная адміністрацыя, альбо рэспубліканская, незалежна ад партыі.
Безумоўна гэтае «зялёнае святло» падобная стратэгія атрымала з абрання Дональда Трампа ў лістападзе мінулага году, калі стала зразумела, што Злучаныя Штаты будуць рухацца ў бок больш прагматычнай палітыкі. Але распрацоўваліся гэтыя планы, безумоўна, яшчэ пры дэмакратах. Вельмі часта згадваецца ў медыя намеснік памочніка дзяржсакратара па пытаннях Еўропы і Еўразіі Крыстафер Сміт, ён вельмі добры прыклад кар’ернага дыпламата, які працуе незалежна ад партыі. Ён прафесійна робіць сваю справу і глядзіць, як можна тых ці іншых вынікаў дамагчыся ў тым ліку стасоўна Беларусі.
РР: Тут мы не можам гаварыць пра класічны гандаль палітвязнямі, бо сапраўды няма адказу на пытанне: што амерыканцы прапанавалі Аляксандру Лукашэнку?
Антон Пянькоўскі: Калі мы кажам пра ўрад Злучаных Штатаў пры дэмакратычнай партыі, частка аналітыкаў ужывала тэрмін «палітычнае маралізартаства». Вельмі добра казаць пра правы чалавека, пра глыбокую занепакоенасць з захаваннем дэмакратычных нормаў у Беларусі, але ж калі не рабіць практычных вынікаў, можна вельмі шмат гадоў казаць пра вялікую заклапочанасць. Усё ж такі зараз мы маем практычны вынік. І частка закладнікаў, мы можам іх называць і так, была вызвалена. І тут пытанне: што з гэта больш маральна? Ці вельмі доўга, гадамі заклікаць і казаць пра заклапочанасць, альбо больш маральна вызваліць гэтых людзей.
Таксама да другой часткі твайго пытання. Мы можам зрабіць пэўную экстрапаляцыю на мінулы вопыт стасункаў беларускай улады са Злучанымі Штатамі, бо праз вызваленне палітвязняў мы ў 2016 годзе бачылі крокі да частковага прыпынення санкцый. Але мусім згадаць, тады ў Беларусі было 5 ці 6 зняволеных, падаецца, у тым ліку Мікола Статкевіч. І толькі праз вызваленне апошняга палітвязня ўрад Злучаных Штатаў пагадзіўся на частковае прыпыненне санкцый.
То бок, калі мы зараз кажам пра тысячы палітвязняў у Беларусі, то казаць пра нейкае прыпыненне санкцый немагчыма. Па-другое, паміж вызваленнем палітзняволеных і частковым прыпыненні санкцый прайшло, падаецца, больш за паўгода. То бок, амерыканская дэмакратыя працуе павольна. І мы сёння не можам убачыць вельмі хутка нейкія дамоўленасці, альбо нейкія практычныя крокі з боку амерыканскага ўраду. Тут трэба пачакаць.
Цалкам размова:
Эксперты, як адзначае выданне Politico, асцерагаюцца, што пасля вызвалення Сяргея Ціханоўскага, адміністрацыя Трампа прыслабіць гэты міжнародны ціск. Таму дэмакратычныя сілы заклікаюць амерыканскую адміністрацыю не падавацца і адрынуць спробы Лукашэнкі ўсталяваць сваю легітымнасць.
Беларускае Радыё Рацыя






