BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Антон Пянькоўскі: ЗША прымушаюць Украіну і Расею да перамоваў на ўмовах Трампа без ЕЗ і Беларусі

Сітуацыя ў Еўропе становіцца ўсё больш напружанай: зрыў здзелкі ЗША і Украіны па рэдказямельных металах, прыпыненне ваеннай дапамогі і абмена разведдадзенымі – усё гэта ставіць пад пытанне далейшую падтрымку Кіева з боку Вашынгтона. Ці можа Амерыка сапраўды развярнуцца ў бок Расеі, адмовіўшыся ад сваіх саюзнікаў? Што стаіць за палітыкай Дональда Трампа? Чаму яго падыход да знешніх адносін выглядае як кардынальны разварот на 180 градусаў? Ці з’яўляецца збліжэнне з Масквой стратэгічным разлікам або спробай змяніць глабальны парадак? І што гэта значыць для Украіны, Еўропы і Беларусі?

Пра тое, як абмежаванне амерыканскай дапамогі можа адбіцца на рэгіянальнай бяспецы, пазіцыі Лукашэнкі і перспектывах беларускай апазіцыі, разважае амерыканіст, дарадца Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Антон Пянькоўскі ў перадачы “Госць Рацыі”:

РР: Чаму зараз палітыка Трампа выглядае як рызыка развароту ў бок Расеі? Гэта прагматычны разлік, ідэалагічная пазіцыя ці вось ужо пішуць у СМІ, што Трамп, маўляў, увогуле агент КГБ пад прозвішчам Красноў і працуе на іх з 80-х гадоў? Што ўвогуле адбываецца?

Антон Пянькоўскі: Я ўсё ж такі не веру ва ўсю гэтую канспіралогію, якую зараз распаўсюджваюць пэўныя СМІ, я мяркую, што там на 100% канспіралагічная гісторыя. І мы ведаем, што вельмі шмат амерыканцаў наведвала Савецкі Саюз з 80-х гадоў, і разлічваць, што ўсе яны былі неяк завербаваныя савецкімі спецслужбамі, гэта вельмі цікавая тэорыя, але ж яна ўвогуле не адпавядае рэчаіснасці. Вельмі шмат цяперашніх і былых амерыканскіх дыпламатаў самага вышэйшага роўню нават навучаліся ў СССР, у Ленінградзе ці ў Маскве, і гэта не казала, што яны былі агентамі КГБ. А тое, што Трамп нейкі кароткі час быў у Савецкім Саюзе ўвогуле ні пра што не кажа.

Мы зараз бачым разварот у вельмі моцны realpolitik. Існуюць, можна сказаць, тры школы, але дзве асноўныя:  палітычны рэалізм, палітычны лібералізм і канструктывізм. Апошнія гады, асабліва падчас прэзідэнта Байдэна, свет і ЗША прытрымліваліся палітычнага лібералізму, працу праз пэўныя міжнародныя ўстановы, праз гандлёвыя дамаўленні, праз НАТА таксама. А зараз мы бачым вельмі моцны разварот у школу рэалізма. І тут я не казаў бы, што Дональд Трамп неяк зрабіў разварот у бок Расеі. Яму зараз на такім кароткім тэрміне прасцей неяк дамаўляцца з Уладзімірам Пуціным. Папрацавалі 8 гадоў таму, адзін быў прэзідэнтам, другі таксама. Можа быць пэўныя рэчы ў светапоглядзе могуць супадаць. Яны могуць разумець адзін аднаго крышачку лепей, чым Дональд Трамп разумее Уладзіміра Зяленскага. З Зяленскім у іх вельмі напружаныя, нават можна сказаць кепскія асабістыя адносіны яшчэ з першай кадэнцыі Дональда Трампа.

Зараз на такім кароткім тактычным узроўні можа падавацца, што для ЗША значна прасцей знайсці узаемапаразуменне па нейкіх дыпламатычных каналах па пэўных рэчах, і гэта можа быць не толькі Украіна, там можа быць вельмі шмат іншых пытанняў, якія яны абмяркоўваюць. Увогуле ў сусветнай дыпламатыі ёсць прынцып, што дыпламатыя патрабуе цішыні. Шмат заяваў было з амерыканскага і з расейскага бакоў пасля ўсіх гэтых перамоваў, апошнія з якіх былі ў Стамбуле, і бакі адмовіліся неяк каментаваць іх. Гэта кажа пра тое, што гэтыя перамовы ідуць з пэўным плёнам. Публічныя заявы выкарыстоўваюцца толькі тады, калі не спрацоўвае дыпламатыя кулуарная за зачыненымі дзвярыма. Я лічу, што гэта не тое, што ЗША зрабілі пэўны паварот да Расеі. Ім зараз прасцей дамовіцца з расейскім урадам па пытаннях, магчыма, прыпынення агню, па вайне ва Украіне.

РР: Ці можам мы сказаць, што перамовы з Расеяй прывядуць да прымусу Кіева да перамоваў на ўмовах Масквы? Бо тое, што прагучала ў Авальнай зале, было самае гучнае з дыпламатычных перамоваў гэтага перыяду. Размова была прамая: Трэцяя сусветная вайна, вы разумееце, куды вы ўвязваецеся…

Антон Пянькоўскі: ЗША ў гэтай сітуацыі пытанне вайны ва Украіне выкарыстоўваюць, магчыма, стратэгію двайнога ультыматуму. Прымушаюць бакі да пэўных нязручных рашэнняў з абодвух бакоў. Тут мабыць расейскі бок больш мабільны, больш лёгка ідзе на нейкія саступкі. Сесці за стол перамоваў Дональд Трамп прымусіць на ўмовах Дональда Трампа. Важна назіраць за рыторыкай таксама  еўрапейскіх палітыкаў, якія вельмі хочуць апынуцца за гэтым сталом перамоваў. Дональд Трамп хоча быць там утрох, каб гэта былі Пуцін, Зяленскі і Трамп. Яму там увогуле не патрэбныя еўрапейскія палітыкі.

РР: Ён не хоча бачыць еўрапейскіх саюзнікаў за сталом перамоваў. А Лукашэнку? Наколькі мажліва новая роля Менска ў амерыкана-расейскіх адносінах вакол перамоваў?

Антон Пянькоўскі: Я ўвогуле не мяркую, што Аляксандр Лукашэнка можа апынуцца за гэтым сталом перамоваў з пункту гледжання таго, што ён не з’яўляецца нейкім важным актарам у гэтай вайне. Я мяркую, што ён нават не чакае, што яго паклічуць як чацвёрты бок гэтых перамоваў.

Цалкам гутарка:

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя