У Кіеве завяршыўся Форум Астрожскіх, дзе беларускія і ўкраінскія эксперты, палітыкі і медыя абмяркоўвалі шляхі вырашэння ключавых праблем у двухбаковых стасунках.

Вынікі сустрэчы і далейшыя перспектывы беларускіх дэмакратычных сілаў Беларусі на фоне вайны ва Украіне і мяркуемых мірных перамоваў наша калега Вольга Сямашка абмеркавала з удзельніцай Форуму, спікеркай Каардынацыйнай Рады Анжалікай Мельнікавай:
– Думаю, што я не памылюся, калі скажу, што Форум Астрожскіх – гэта сама вялікая на сёння беларуска-украінская канферэнцыя. Яе арганізатарамі выступаюць «Free Belarus Center», «Цэнтр Еўрапейскі дыялог», Інстытут Палітычная сфера», таксама Рада знешняй Палітыкі «Украінская прызма». Усё гэта пры падтрымцы фондаў Фрыдрыха Наўмана, фонда Фрыдрыха Эберта ва Украіне. Як Вы ведаеце, у суботу і нядзелю, цягам гэтых двух дзён, адбыўся шэраг панэльных дыскусій з удзелам як палітыкаў, так і дыпламатаў, экспертаў міжнароднага ўзроўню як з боку Беларусі, так і з боку Украіны.
– На жаль, я магла прыняць удзел толькі ў працы першага дня канферэнцыі, выступала на панэльнай дыскусіі стратэгіі Украіны ў дачыненні да Беларусі. Разам са мной беларускі бок прадстаўлялі Франак Вячорка, Вадзім Кабанчук. Вялі дыскусію дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны Сяргей Собалеў і Аляксей Ганчарэнка, наш паважаны спецыяльны прадстаўнік Ігар Кізім у Міністэрстве Замежных Спраў Украіны.
– Нічога не змянілася за гэтыя некалькі год. Я ўдзельнічала ў самай першай канферэнцыі Астрожскіх у Львове ў 2022 годзе. Мы выказваем адзін аднаму падтрымку. Гэта тыя самыя людзі, тыя самыя структуры, якія выказваюць сваё станоўчае стаўленне адзін да аднаго, але да гэтай пары, будзем шчырыя, няма супольнай стратэгіі. Няма стратэгіі Украіны ў дачыненні да Беларусі. Няма стратэгіі Урада Украіны ў дачыненні да дэмакратычных сілаў Беларусі. Няма зразумелага задакументаванага стаўлення да рэжыму Лукашэнкі.
– Што я першае прапанавала на панэльнай дыскусіі – гэта стратэгічны дыялог. Дзве краіны павінны сядаць за круглы стол, і выпрацоўваць такую стратэгію разам, як мы гэта цяпер робім з ЗША і Еўразвязам. Мне вельмі хацелася б, і гэта прапанавала, каб па выніках канферэнцыі Форуму Астрожскіх быў нейкі выніковы дакумент, можа быць мемарандум, які б уключаў усе пытанні, якія мы абмяркоўвалі падчас гэтых панэльных канферэнцый.
– Падчас канферэнцый мы абмяркоўвалі пытанні і бяспекі, і праблемы беларусаў ва Украіне, добраахвотнікаў, моладзевыя праграмы. І вось усе тыя прапановы, якія прагучалі, іх можна было б запісаць у такі дакумент. Чаму стратэгічны дыялог важны? Таму што гэта можна было бы рабіць ужо на больш высокім узроўні – на пляцоўцы Міністэрства Замежных Спраў Украіны. Вылучыць спецыяльныя працоўныя групы, якія не толькі сабраліся б і пагаварылі адзін раз. Не, гэта такія працоўныя групы, якія уключаць у сябе украінскі бок, маглі бы уключаць і беларускі.
– Гэта і палітыкі, і эксперты, і прадстаўнікі напрыклад міграцыйнай службы, прадстаўнікі розных урадавых структур. І такія групы можна было бы падзяліць, як я гэта бачу, на палітыку рэгіянальнай бяспекі, правы чалавека, палітычныя зняволеныя. Вы ведаеце, што ў Беларусі ёсць палітычныя зняволеныя, якія маюць украінскае грамадзянства, калі не памыляюся 7 чалавек. Таму праблема гэта агульная.
– Мы ведаем, што шмат беларусаў да гэтай пары жыве ва Украіне і займаецца бізнесам. Пытанне прадпрымальніцтва і прыватнага сектару таксама магло б стаць часткай такога стратэгічнага дыялогу. Культура і ідэнтычнасць, і, што сама галоўнае сёння, сацыяльная палітыка. Нашы людзі: добраахвотнікі, валанцёры – у іх насамрэч няма ніякіх праў. Менавіта ўкраінскі бок абавязаны заняцца, і нарэшце вырашыць гэтае пытанне.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:
З “Госцяй Рацыі» – спікеркай Каардынацыйнай Рады Анжалікай Мельнікавай, камунікавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя






