BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Анжаліка Мельнікава: Новая рэзалюцыя ПАРЭ — чарговы ўдар па рэжыму Лукашэнкі

Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы (ПАРЭ) 30 студзеня ў Страсбургу прыняла рэзалюцыю аб выбарах у Беларусі, у якой не прызнала легітымнасць Аляксандра Лукашэнкі як прэзідэнта. ПАРЭ падкрэсліла, што пераслед грамадзянскага насельніцтва можна разглядаць як злачынствы супраць чалавечнасці, і заклікала пашырыць санкцыі супраць уладаў у Менску.

Рэзалюцыю пракаментавала спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава, якая выступала перад галасаваннем у ПАРЭ:

– Гэта сапраўды гістарычны момант. Атрымалі магчымасць цягам трох хвілін мець слова ў пленарным пасяджэнні. Пачулі ў дэбатах падтрымку ад Украіны, Літвы, Польшчы, Фінляндыі. Гэта вельмі выразны сігнал для Лукашэнкі і так званых элітаў. І вялікі ўдар. Адзінагалосна была прынятая рэзалюцыя. І ўсе разумеюць, што Лукашэнка злачынца і павінен быць прыцягнуты да адказнасці. Лукашэнка не прызнаецца легітымным. Па-першае, супраца будзе адбывацца з нашымі дэмакратычнымі структурамі, а па-другое, прыцягненне да адказнасці Лукашэнкі.

У рэзалюцыі Асамблея таксама запатрабавала вызвалення палітзняволеных, правядзення свабодных выбараў і гарантавання мірнай перадачы ўлады. Упершыню ў гісторыі на пасяджэнні ПАРЭ прысутнічала дэлегацыя Каардынацыйнай рады, якая прадстаўляе дэмакратычныя сілы Беларусі.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя