Каардынацыйная рада выбрала спікера і віцэ-спікера. Галасаванне завяршылася 11-га ліпеня а 19:30. Анжаліку Мельнікаву абралі спікеркай КР. Станіславу Гліннік – віцэ-спікеркай. Кажа Спікер КР Анжаліка Мельнікава:
– Уступаючы на пазіцыю спікера, я разумею, што гэта вялікая адказнасць. Як перад выбарнікамі, так і перад усімі спісамі, дэлегатамі, нашымі партнёрамі. Галоўны прыярытэт для ўсіх нас – адстойванне інтарэсаў нашай радзімы, і вядома, кожнага беларуса. Гістарычны момант – зараджаецца сапраўдны беларускі дэмакратычны парламентарызм.
Віцэ-спікерка КР Станіслава Гліннік агучыла далейшыя планы:
– Нашая задача — забяспечыць усё тое, каб дэлегаты маглі займацца менавіта той справай, дзеля якой яны прыйшлі ў Каардынацыйную раду, выконваць свае праграмы. Праграмы цудоўныя, збольшага мэты ў спісаў не адрозніваюцца. Лічу важным, каб да кожнага дэлегата можна было звярнуцца. У нас ужо ёсць пэўныя дамоўленасці, парламенцкая асамблея рады Еўропы, стажыроўкі для дэлегатаў.
Па словах Спікера і Віцэ-спікеркі КР, у бліжэйшыя планы органа ўваходзіць стварэнне адмысловых камісій, зацвярджэнне рэгламенту працы з Офісам Ціханоўскам і АПК, падрыхтоўка да Канферэнцыі «Новая Беларусь».
Беларускае Радыё Рацыя