Госць Рацыі – палітычны аналітык Павел Усаў.

РР: Вы чакаеце выхаду 1300 палітвязняў, пра якіх казаў Трамп Лукашэнку?
Павел Усаў: Гэта пытанне, на жаль, гандлю. І бачым, што Лукашэнка не збіраецца так проста нікога вызваляць. Думаю, што Трамп падвышае стаўкі, але пакуль мы не пабачылі яшчэ пэўных крокаў насустрач гэтай сістэме, якія напэўна былі абяцаныя перад выхадам Ціханоўскага і іншых 17 палітычных вязняў і проста вязняў. І таму Лукашэнка, канешне ж, не пойдзе на такі крок пакуль не будзе яснасці, што ад гэтага атрымае ўзамен.
Канешне, Трамп зрабіў вельмі гучную дэкларацыю, фактычна легітымізаваў Лукашэнку, назваўшы яго “паважаным прэзідэнтам Беларусі”, чаго не зрабіў пакуль што ніводзін заходні палітык, акрамя Орбана. Тым не менш, гэта даволі важны палітычны крок, але Лукашэнка ўжо не купляецца на фантыкі. Ён жадае нейкіх канкрэтных рэчаў і саступак. А канкрэтныя рэчы і саступкі – гэта зняццё пэўных санкцый, абмежаванняў у дачыненні да Беларусі. І толькі пасля гэтага пачнуцца нейкія рэальныя саступкі, тым больш што Лукашэнка наўпрост заявіў, што ён “тэрарыстаў” выпускаць не збіраецца. То бок, ён дасылае адваротны сігнал, што за абменамі ветлівасцю павінны быць нейкія крокі. Калі ЗША пойдзе на санкцыйнае паслабленне, то можна чакаць вызвалення, але не 1300, але пэўнай часткі людзей. Таксама была пастаўлена ўмова, што іх вывезуць за мяжу.
РР: Ціханоўская сказала, што выцясненне з Беларусі людзей – гэта парушэнне правоў чалавека і гэта таксама злачынства.
Павел Усаў: Давайце шчыра – смешныя і абсурдныя заявы. І так гэтыя парушэнні правоў 30 год мы маем. Галоўнае сёння – выцягнуць кожным коштам людзей. Зразумела, што шмат хто застаецца ў Беларусі, знаходзячыся пад ціскам і застаецца таму, што не бачыць ніякіх перспектыў за мяжой. Шмат людзей апынуліся на камянях пасля 5 год як бы эміграцыі, і не ведаюць што рабіць далей, нават шмат хто вяртаецца і трапляе за краты. Таму пытанне не ў тым, што парушае ці не парушае Лукашэнка. Ён даўно ўсё што можна парушыў. Пытанне ў тым, што ў стане зрабіць на сённяшні дзень так званая апазіцыя 2020, збіраючая вялікія капіталы і данаты на ўтрыманне палітвязняў. Каб не сталася так, што гэтыя людзі будуць кінутыя на волю лёсу, не маючы нічога. І зараз пытанне не ў тым, што зробіць ці не зробіць Лукашэнка, а пытанне ў тым, што зробіць так званы Офіс і АПК, якія ўзялі на сябе абавязацельствы дапамагаць палітычным зняволеным і людзям, якія апынуліся ў цяжкіх умовах. І мы бачым, што шмат у чым гэтыя абавязацельствы не выконваюцца.
Таму перш чым нешта казаць, трэба задацца пытаннем, што можна зрабіць зараз і ці гатовыя гэтыя структуры, якія адказныя і выказваюць свае прэтэнзіі на прадстаўніцтва ў Беларусі, забяспечыць усім неабходным людзей, якія будуць выкінутыя за мяжу. А яны будуць выкінутыя. У гэтым няма ніякага сумневу.
РР: Сяргей Ціханоўскі зараз запланаваў аб’ехаць усе штаты Амерыкі, наведаць Канаду. І даў кліч, што трэба сабраць грошы, бо ў яго няма ніякіх сродкаў. Гэта з мэтай вызвалення палітвязняў. Гэта пражэкт? Ці гэта можа быць у рэальнасці?
Павел Усаў: Не ведаю, ці варта ўвогуле каментаваць словы Ціханоўскага, які ў апошні час паказваў, што не разумее таго, што ён кажа. І кажа часам абсалютна недарэчныя рэчы. І я лічу, што тое, у што ператварылася ягоная квазіпалітычная дзейнасць – гэта пусты папулізм і авантурызм, які толькі шкодзіць нават не толькі самому Офісу і Ціханоўскай, а проста дыскрэдытуе апазіцыю як такую адносна тых заяваў і збораў на тэлеграм, на свае Ютуб-каналы, на нейкія свае ўласныя пражэкты. Я яму раю ўвогуле скончыць палітычную дзейнасць. Бо гэта пачынае выглядаць проста абсурдна.
РР: Размова Трампа з Лукашэнкам, верагодна, будзе працягнута. Ці не ўмацуе гэта пазіцыі Лукашэнкі?
Павел Усаў: Пазіцыі Лукашэнкі і так даволі моцныя, калі мы кажам пра Беларусь. На сённяшні дзень ніхто не ў стане кінуць яму выклік. І Трамп размаўляе з Лукашэнкам, разумеючы, што зараз ён з’яўляецца той рэальнай сілай, якая пануе ў Беларусі. Хочам мы гэтага ці не, мы павінны глядзець на гэта з пункту гледжання рэальнай палітыкі. Рэальная палітыка такая, што апазіцыя, нават калі б яна была аб’яднаная, не мае ніякіх механізмаў паўплываць на сітуацыю ў Беларусі: не мае зброі, няма арміі, няма сілавых структур. І нават тыя праекты, якія, падавалася, маглі б забяспечыць нейкі прарыў ці нейкі выклік – стварыць той жа самы План “Перамога”, ці Полк Каліноўскага. На сённяшні дзень мы бачым, што ніякага Плану “Перамогі” ужо няма, ён сябе дыскрэдытаваў. На жаль, зараз ёсць праблемы даволі сур’ёзныя ў Палку Каліноўскага, з нашымі добраахвотнікамі.
Таму Трамп не будзе ўдавацца ў аспекты, чаму ў апазіцыі такі разлад. Ён выходзіць з практычнага разумення сітуацыі. А яна такая, што размаўляць можна толькі з Лукашэнкам: альбо пераканаць яго выпусціць кагосьці, альбо не пераканаць. Ну і гандлюючыся з ім. Таму, калі мы кажам пра перспектывы, то ад апазіцыі залежыць, што можна з гэтым зрабіць. Чым слабей апазіцыя, тым мацнейшая пазіцыя Лукашэнкі. На сённяшні дзень перспектываў для аднаўлення стабілізацыі сітуацыі ў апазіцыі няма. Мы бачым скандалы, якія адбываюцца ў апазіцыі, даходзіць не тое, што да карупцыйных скандалаў, а ўвогуле да сэксуальных скандалаў, да дыскрэдытацыі цалкам. І канешне, Ціханоўскі сваімі выказваннямі яшчэ дабаўляе, падкрэсліваючы, што неадэкватнае ўвогуле разуменне сітуацыі.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






