Аб’яднаны Пераходны Кабінет (АПК) абмеркаваў з прадстаўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы паскарэнне тэрмінаў легалізацыі беларусаў і павелічэнне тэрмінаў дзеяння трэвэл-дакументаў.

З польскага боку ў ім узяў удзел кіраўнік Управы па справах іншаземцаў Польшчы Томаш Цытрыновіч. Беларускі бок узначальваў намеснік кіраўніцы Кабінету Павел Латушка.
Па легалізацыю ў Польшчы летась звярнуліся 48 тыс. грамадзян Беларусі. Павел Латушка прапанаваў разгледзець магчымасць выдачы падарожных дакументаў на тэрмін большы за 1 год, як гэта робіцца цяпер. Прадстаўнік польскага боку праінфармаваў, што разглядаецца магчымасць унясення зменаў у заканадаўства з мэтай павялічыць тэрмін дзеяння гэтага дакументу, але не акрэсліў, на які тэрмін гэты дакумент будзе выдавацца ў будучыні.






