Агульная сітуацыя ў рэгіёне: Украіна атрымала дазвол ад заходніх партнёраў выкарыстоўваць зброю ў глыб Расеі. Тым часам абмяркоўваецца прапанова Трампа па замарозцы канфлікту, а Лукашэнка тут хоча выступаць пасярэднікам. Міжнародны працэс ды роля ў ім Беларусі, пра гэта з намеснікам кіраўніка народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцёмам Бруханам гутарыць Улад Грынеўскі.

РР: Пачаць хацелася б з ваеннай рыторыкі. Прачытаў такі каментар, што на выходных у Берліне прайшоў вялікі антываенны марш расейскай апазіцыі, а Пуцін пачаў масіраваную атаку на Украіну. Эксперты пішуць, што гэта такая своеасаблівая палітычная размова. Нейкім чынам гэта можна пракаментаваць?
Арцём Брухан: Мне падаецца, што гэты адказ не тое, каб звязаны з дзеяннямі разрозненых сіл расейскай апазіцыі. Гэта Пуцін больш дасылае месіджы Захаду, у першую чаргу ЗША, Германіі, Шольцу, які тэлефанаваў Пуціну. Вось гэта адказ. У іх ёсць прынцыповая пазіцыя, і яны могуць яе далей дэманстраваць. Вось такім злачынным чынам знішчаць людзей, знішчаць мірнае насельніцтва, забіваць дзяцей.
РР: Такая тэндэнцыя працягнецца? Гэта такі вось адказ Уладзіміра Пуціна?
Арцём Брухан: Так, я думаю, што падобная тэндэнцыя працягнецца. Тым больш, што ёсць інфармацыя, што Байдэн даў дабро на выкарыстанне дальнабойных ракет, далучыліся да гэтага Францыя і Вялікабрытанія. І я думаю, што на гэты крок Пуцін будзе адказваць. Ёсць розныя сцэнары, як ён гэта можа зрабіць. Але, як казаў адзін з экспертаў, што хутчэй за ўсё гэта эскалацыя можа адбыцца праз хусітаў. То бок, больш расейскай зброі будзе перададзена ім дзеля таго, каб узмацніць там ціск, і дзейнасць расейскіх шпіёнаў на тэрыторыі Еўрапейскага Звязу таксама можа быць актывізавана.
РР: З чым гэта звязваюць, што Байдэн вырашыў зрабіць такі падарунак Украіне, нашаму рэгіёну перад тым, як сысці? Бо таксама пішуць у каментарах, што Трамп можа гэтае рашэнне неўзабаве адмяніць.
Арцём Брухан: Справа ў тым, што калі б Байдэн сапраўды хацеў цалкам дапамагчы Украіне, то раней бы такое рашэнне было прынятае. Хутчэй за ўсё гэта звязана з унутрыпалітычнай сітуацыяй у ЗША, ну ўжо Байдэн разумеючы, што, прабачце, губляць няма чаго, прыняў такое рашэнне, якое супярэчыць той рыторыцы, якую рэалізоўвае зараз Трамп, які кажа, што за 24 гадзіны вырашыць гэтае пытанне мірным шляхам, мірныя перамовы пачнуцца. Я думаю, што гэта канкурэнцыя дэмакратаў з рэспубліканцамі, хутчэй так выглядае. Дэмакраты раней маглі гэта зрабіць, насамрэч, каб Украіна была ў больш моцнай пазіцыі з самага пачатку, а не ў той час, калі сапраўды сітуацыя вельмі складаная.
РР: Якім чынам гэта можа паўплываць на наш рэгіён? Лукашэнка хоча стаць нейкім перамоўнікам, калі з’явіцца план Трампа замарозіць украінскі канфлікт.
Арцём Брухан: Лукашэнка, зразумела, хоча вярнуцца ў той кантэкст і арганізаваць “Менск-3” ужо. Вырашэнне гэтага рэгіянальнага канфлікту павінна адбывацца на пляцоўцы ў Менску, як гэта было раней. Зразумела, для чаго гэта Лукашэнку. Гэта цалкам легітымізацыя, гэта забеспячэнне таго, што заходнія краіны прыедуць, Кітай. Ён разумее, што на гэтыя перамовы прыедзе шмат хто з сусветных лідараў. Гэта праграма максімум. І хутчэй за ўсё гэта фантазіі. Але праграму мінімум ён таксама агучыў і агучыў вельмі зразумела – я павінен быць за сталом перамоў.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






