Дэмакратычная супольнасць рыхтуецца да канферэнцыі «Новая Беларусь», дзе прагучаць асноўныя стратэгіі дзейнасці за мяжой. А ў тым часе ў Аб’яднаным пераходным кабінеце з’яўляюцца новыя асобы, а з Менску ляцяць пагрозы на роўні МЗС да беларусаў у замежжы. Такія тэмы абмеркавалі са спікерам Каардынацыйнай рады Арцёмам Бруханам.

РР: Сёння багата самых розных падзеяў. Рыхтуюцца маршы да гадавіны масавых пратэстаў у 2020 годзе ў Беларусі, будуць таксама слуханні ў Каардынацыйнай радзе, з’явяцца, напэўна, новыя прадстаўнікі ў Аб’яднаным пераходным кабінеце. Пра гэта пра ўсё пагутарым. А таксама наперадзе канферэнцыя «Новая Беларусь», якая падсумоўвае пэўную дзейнасць. Але таксама гучаць абвінавачванні, гучаць пагрозы з боку рэжыму ў Беларусі, што будуць ідэнтыфікаваць усіх удзельнікаў акцый за мяжой. Пракаментуй, калі ласка, гэтую сітуацыю.
Арцём Брухан: Гэтыя пагрозы і гэтыя дзеянні рэжыму, што на людзей заводзяць крымінальныя справы, адбіраюць у іх маёмасць, – гэта экстэрытарыяльнае злачынства. Фактычна злачынства супраць чалавечнасці. Беларускі рэжым уваходзіць у польскую юрысдыкцыю, і людзей, якіх спачатку выціснуў з Беларусі, працягвае пераследаваць ужо на тэрыторыі іншай дзяржавы. Таму гэта экстэрытарыяльнае злачынства. Такія дзеянні непрымальныя, яны могуць трактавацца як злачынствы супраць чалавечнасці. Гэта па-першае. Гэта першы базавы тэзіс.
А вось што другое. З пункту гледжання заявы ў Міністэрства замежных спраў, такой ваяўнічай, фактычна гэта нота. Выбачце мяне, але якія дзеянні наносяць шкоду Беларусі, калі яны адбываюцца ў суверэннай, незалежнай дзяржаве Рэспубліка Польшча, згодна з яе заканадаўствам? То бок, людзі маюць права ў нармальных краінах на свае масавыя акцыі, выказваць сваю думку і ім за гэта нічога не будзе, калі яны адпавядаюць заканадаўству.
І што мы бачым у рэжыма Лукашэнкі? Яны знішчаюць праявы вальнадумства, праявы жадання свабоды ў Беларусі, знішчалі некалькі год і знішчылі, зачысцілі, не даюць прарасці гэтаму. Але ім гэтага мала. Гэта дыктатура хоча працягнуць свае рукі далей – да суседніх краінаў, да іншых краінаў. І з такімі ваяўнічымі заявамі яны таксама ўлазяць ва ўнутраную палітыку Польшчы. І гэта сведчыць пра тое, што рэжым выбірае радыкальную, агрэсіўную палітыку.
РР: Сапраўды, як акцыя беларусаў у Варшаве можа фактычна паўплываць на палітыку ўладаў пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі? Чаму ім гэта так баліць пасля пяці гадоў?
Арцём Брухан: Гэта дэманстрацыя таго, што ёсць людзі, якія хочуць, каб Беларусь была дэмакратычнай, незалежнай краінай, магчыма каб кіравалася па еўрапейскім шляху развіцця. І існаванне гэтай альтэрнатывы – у любым выпадку пагроза для рэжыму Лукашэнкі. Так, ён закатаў усё ў асфальт, але заўтра яго не стане, і ніхто не ведае, як гэта ўсё будзе развівацца. Усё гэта стварае для яго пагрозы і рызыкі. І ў нейкай ступені закладае існаванне альтэрнатывы для дыктатуры. Гэта заўсёды для яе пагроза. Бо дыктатура, як бы ні казалася моцнай, будуецца не на інстытутах і не на даверы людзей, а на сіле, на пагрозах, на страху, на гвалце.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






