Аб перспектывах 2025 года, калі завяршаецца палітычны цыкл. У Беларусі ўжо рыхтуюцца да электаральнай кампаніі 2025 года, а ў дэмакратычным беларускім асяродку ўзнікла дыскусія адносна легітымнасці палітычнага лідарства. Пра гэта між іншым далей гутарым з нашым госцем – намеснікам кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцёмам Бруханам. З ім паразмаўляў Улад Грынеўскі.

РР: На пачатку жніўня ўся беларуская палітычная прастора згадвае падзеі 2020 года. І такое дзіўнае пытанне зараз узнікла: пра статус Святланы Ціханоўскай. Як вашая фармацыя, ці можа як асабіста ты бачыш гэтае пытанне? Ці яно зараз можа быць агучанае? Ці яно зараз патрэбнае?
Арцём Брухан: Я пагаджуся з тым, што гэта дзіўная тэма. Сэнс у тым, што гэтая тэма ўзнялася пасля таго, як на канферэнцыі быў падпісаны пратакол узаемадзеяння паміж Святланай Ціханоўскай і Офісам, Каардынацыйнай радай і Аб’яднаным пераходным кабінетам. Менавіта гэты пратакол узаемадзеяння між структурамі і выклікаў такую даволі не адназначную для мяне рэакцыю. Гэта кажа пра тое, што тыя, хто зараз крытыкуе падпісанне гэтага пратакола, яны былі трохі непадрыхтаваныя да таго, што там будзе прапісана. І вось зараз рэагуюць на тое, што ім не падабаецца.
Дарэчы гэты пратакол падпісаны паміж трыма структурамі, і ніхто не замінае не пагадзіцца з гэтым пратаколам, выказаць сваё меркаванне. Але чамусьці мы бачым такі цікавы наратыў, што ўжо зараз паднімаецца пытанне жніўня 2025 года. Вось гэта, дарэчы, выклікае ў мяне асабіста пытанне: чаму зараз? І чаму мы ў заяве блока Пракоп’ева-Ягорава-Кныровіча бачым, што яны ставяць дэдлайн: жнівень 25 года – сканчэнне паўнамоцтва мандата і лідарства Святланы Ціханоўскай? То бок яны прызнаюць права Лукашэнкі арганізоўваць і праводзіць выбары? І яны нават лічаць гэта выбарамі? Мы мераем усё гэтымі электаральнымі цыкламі?
Для мяне гэта ўсё ж дзіўнаватая рэч. Я ўсё ж такі лічу, што такая прапанова выглядае даволі дэструктыўна, і зараз гэтая прапанова гуляе на руку як мінімум рэжыму Лукашэнкі. Чаму? Таму што напярэдадні так званай электаральнай кампаніі 25 года найбольшая зацікаўленасць Лукашэнкі ў тым, каб дэмакратычныя сілы займаліся нейкай унутранай валтузнёй, каб яны змагаліся паміж сабой, сварыліся, і каб не было адзінага прызнанага, як на еўрапейскім узроўні, так і сярод ключавых інстытуцыяў, лідара дэмакратычных сілаў, каб не было фактычна альтэрнатывы, яснай зразумелай, канкрэтнай дэмакратычнай альтэрнатывы рэжыму Лукашэнкі. Я чалавек новы ў дэмакратычным руху, але, як гісторык па адукацыі, я чытаў шмат пра тое, што адбывалася, і вось класічны рэтраспектыўны прыклад знішчэння лідара дэмакратычных сілаў, ці дэмакратычнай апазіцыі – гэта Аляксандр Мілінкевіч, якога такім жа чынам фактычна прапанавалі пераабіраць, пачаўся гэты незразумелы працэс з кім размаўляць, каго ён прадстаўляе, ці ўдзельнічаў гэты чалавек у агульнанацыянальных выбарах, ці ёсць у яго легітымнасць, ці ёсць у яго той уплыў. І гэта прывяло да таго, што дэмакратычная апазіцыя перастала ўплываць на міжнароднай арэне і, на жаль, у перспектыве і ўнутры краіны.
І гэтыя людзі, якія прапануюць пайсці тым жа шляхам, то яны проста прапануюць адгуляць такі ж самы сцэнар, які ні да чаго добрага не прывёў. Я разумею, што гэта вельмі разумныя людзі, і яны разумеюць, што яны робяць, і гэта мяне турбуе больш за ўсё. Калі яны разумеюць, што яны робяць, то навошта такія дэструктыўныя прапановы?
Цалкам размова:
Дакумент «пратакол ўзаемадзеяння», толькі нагадаем – замацоўвае адносіны паміж суб’ектамі дэмакратычных сіл Беларусі і скіраваны вырашыць «пэўныя складанасці ў супрацоўніцтве». Яго падпісалі падчас чарговай канферэнцыі «Новая Беларусь».
Беларускае Радыё Рацыя






