Госць Рацыі – спікер Каардынацыйнай рады трэцяга склікання Арцём Брухан.

РР: Напрыканцы траўня павінны адбыцца выбары ў Каардынацыйную раду чацвёртага склікання. Я памятаю, што трэці склад два гады таму таксама выбіраўся ў траўні. Як гэта юрыдычна мусіць адбывацца?
Арцём Брухан: Па-першае, сапраўды ў статуце Каардынацыйнай рады напісана, што яе кадэнцыя працягваецца два гады. То бок менавіта таму было прынята рашэнне прызначыць выбары, каб не парушаць статут КР. Выбары адбудуцца ў траўні 2026 году, гэта будзе трэці тыдзень траўня. Гэтым разам, калі ўсё добра будзе з тэхнічнага пункту гледжання, то выбары будуць працягвацца больш чым за тры дні, мы закладаем, што гэта будзе цэлы тыдзень магчымасці прыняць удзел у выбарах у Каардынацыйную раду. Гэта выкананне нашых статутных дзеянняў прызначэння выбараў, але пры гэтым вельмі важна разумець, што для такога прадстаўнічага інстытута, як Каардынацыйная рада, абнаўляльная легітымнасць, зваротная сувязь праз галасы выбаршчыкаў – гэта ключавая рэч, гэта тое, што робіць Каардынацыйную раду ў дэмакратычным руху ўнікальным інстытутам.
РР: Калі мы раней дыскутавалі наконт КР, я заўсёды звяртаў увагу, што шмат рознай арганізацыйнай працы. Ты сказаў, што статут прадугледжвае, што КР трэцяга склікання будзе працаваць два гады. Памятаю, там мяняўся статут. Ці можа так адбыцца, што КР чацвёртага склікання складзе новую рэдакцыю статута і зацвердзіць новыя «правілы гульні». Ці гэта я не ў правільным кірунку разважаю?
Арцём Брухан: Тэарэтычна, канешне, пры вялікім жаданні можна было ўнесці ў статут змены і працягнуць мандат. Але такой патрэбы, па-першае, няма. Па-другое, я не думаю, што гэта добра сустрэнецца з пункту гледжання беларусаў, што КР, якая абіралася на два гады, будзе самастойна працягваць сабе мандат без рашэння тых людзей, якія галасавалі за дэлегатаў. Я не разглядаю такую магчымасць. То бок у нас прапісаная двухгадовая кадэнцыя, і я думаю, што гэтую практыку трэба захаваць, каб кожныя два гады адбываліся ў нас выбары ў КР, каб, як я ўжо казаў, была ў нас гэтая зваротная сувязь ад людзей, якія прымаюць удзел у выбарах, і па-другое, каб была гэта аднаўляльная легітымнасць, актуальнасць гэтага інстытута для беларусаў.
РР: Увогуле парламенты звычайна выбіраюцца на чатыры гады, і я раней быў упэўнены, што і КР абраная на чатыры гады…
Арцём Брухан: Я зразумеў вашую думку, калі б мы былі сапраўдным класічным парламентам, то зразумела гэта чатыры ці пяць гадоў кадэнцыі, але ж мы, канешне, не зусім класічны парламент, мы не маем заканадаўчай улады непасрэдна ў краіне, таму я думаю, што ў кантэксце тых зменаў, якія адбываюцца ў рэгіёне, мне падаецца вельмі важным, каб гэтыя выбары адбываліся хутчэй за чатыры гады, бо сапраўды тыя стратэгіі, з якімі шлі некаторыя спісы, могуць змяняцца, абнаўляцца. Каб была новая кроў у дэмакратычным руху.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






