8-га ліпеня распачаліся сумесныя вучэнні беларускіх і кітайскіх войск блізу польскай мяжы. На палігоне «Брэсцкі» адбылося адкрыццё сумеснай трэніроўкі Беларусі і Кітая «Атакуючы сокал». Вучэнні працягнуцца да 19 ліпеня і праходзяць на фоне нядаўняга ўступлення Беларусі ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва (ШАС) і міграцыйнага крызісу.

Вольга Сямашка пагутарыла з палітолагам Арцёмам Шрайбманам пра тое, што можа вырашыць крызіс паміж Беларуссю і Польшчай; якую ролю пры гэтым адыгрывае Кітай; дый які ўплыў на ўсю сітуацыю ў рэгіёне прынясуць вынікі Саміту НАТА, прэзідэнцкія выбары ў ЗША і расстаноўка сіл у Еўропе.
РР: Мы не можам не звяртаць увагу на вучэнні, якія праводзяцца з удзелам беларускіх і кітайскіх вайскоўцаў побач з польскай мяжой. Для чаго яны праводзяцца, і якія інтарэсы ў гэтым Кітая?
Арцём Шрайбман: Гэта не першыя такія вучэнні, якія праходзяць з удзелам Беларусі і Кітая. Прыкладна 10 гадоў таму былі падобныя вучэнні. Абароннае супрацоўніцтва Кітая і Беларусі таксама даўняе. Яны разам выраблялі сістэму залпавага агню «Паланэз». Кітайскія вайскоўцы ўдзельнічалі ў беларускіх парадах. Таму я не думаю, што гэта нешта такое сенсацыйнае. І я ўпэўнены, што гэтыя вучэнні плануюцца загадзя, гэта не палітычны сігнал, які быў прыдуманы зараз, у звязку з міграцыйным крызісам. Таму я не думаю, што Кітай гуляе ў нейкую эскалацыйную гульню ў рэгіёне.
РР: Ці мае цікавасць Кітай у такіх вучэннях у сувязі з уступленнем Беларусі ў ШОС? Ці ёсць тут абарона эканамічных інтарэсаў Кітая?
Арцём Шрайбман: Дарэчы, у Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва цяпер ёсць і трэк бяспекі. Гэта не толькі эканамічная арганізацыя, там ёсць антытэрарыстычны трэк. Арганізацыя і стваралася, каб аб’ядноўваць таксама антытэрарыстычныя высілкі. Таму тут сувязь, відаць, ёсць. Беларусь уступае ў ШОС, і адразу на яе тэрыторыі праходзяць антытэрарыстычныя вучэнні разам з Кітаем. Можа й не эканоміка тут гуляе першую ролю, але маштаб вучэнняў, наколькі нам вядома, даволі невялікі, таму нешта большае чым палітычны цырыманіял я тут не бачу.
РР: Гэтымі днямі ў Вашынгтоне адбываецца трохдзённы саміт НАТА. Ці разглядаеце вы гэта як ўжо двухпалярнасць – ШАСу супрацьстаіць НАТА на памежжы Беларусі і Польшчы?
Арцём Шрайбман: Не. ШАС не з’яўляецца вайсковым блокам. У яго няма ніякай агульнай вайсковай павесткі, у адрозненні ад НАТА. Нават пазіцыя не асабліва ўзгоднена. У ШАС ёсць такія краіны, як Індыя і Пакістан, якія ўвогуле паміж сабой вельмі цяжка дамаўляюцца. Ёсць краіны Цэнтральнай Азіі, у якіх з Амерыкай даволі нармальныя адносіны, у тым ліку і ў сферы бяспекі. Таму гэта не «адзінагалосная» арганізацыя ў гэтым сэнсе, каб супрацьстаяць НАТА. Нават АДКБ не выглядае занадта адзінай, маналітнай арганізацыяй у гэтым плане. Там толькі дзве краіны, Расея і Беларусь, выступаюць з выразна антызаходніх пазіцый. Таму тут пра нейкую сур’ёзную ваенную канкурэнцыю, нават эканамічную, казаць не выпадае.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






