BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аргенціна выдала ордэр на арышт прэзідэнта Нікарагуа

Даніэль Артэга

Аргенцінскі суд пастанавіў аб’весціць у вышук прэзідэнта Нікарагуа Даніэля Артэгу і яго жонку, а таксама віцэ-прэзідэнта рэспублікі Расарыё Мурыльё. Пра гэта паведаміў аргенцінскі адвакат Дарыё Рычарце, які дамагаўся расследавання ў дачыненні да прадстаўнікоў улады з нагоды магчымага парушэння правоў чалавека.

“Пасля амаль двух з паловай гадоў расследавання суддзя абвесціў пастанову аб выкліку для дачы следчых паказанняў і ордэры на арышт з запытам на міжнародны вышук Даніэля Артэгі, Расарыё Мурыльё і каля дзясятка іншых асоб, адказных за сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека”, — напісаў ён у сацсетцы X.

Справа звязана з пратэстамі ў Нікарагуа ў 2018 годзе, удакладняе нікарагуанская La Prensa. Тады акцыі былі выкліканыя рэформай сацзабеспячэння, якая прадугледжвала падвышэнне падаткаў і скарачэнне сацыяльных выплат. На фоне пратэстаў Артэга адмяніў рэформу, аднак мітынгі працягнуліся – пратэстоўцы патрабавалі яго адстаўкі.

Па дадзеных няўрадавай Нікарагуанскай асацыяцыі за правы чалавека (ANPDH), за ўвесь час пратэстаў у краіне загінулі некалькі сотняў чалавек.

Раней, у верасні 2024 года, суд Буэнас-Айрэса пастанавіў абвясціць прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуру ў міжнародны вышук у звязку з абвінавачваннямі ў датычнасці да выпадкаў парушэння правоў чалавека.