BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Што прынясе для Беларусі і беларускіх дэмсілаў прэзідэнцтва Трампа?

У перадвыбарным суперніцтве паміж Камалай Харыс і Дональдам Трампам сімпатыі афіцыйнага Менска першапачаткова былі на баку рэспубліканца. Афіцыйна вынікі выбараў у ЗША яшчэ не падведзены, але Трамп ужо атрымлівае віншаванні, у тым ліку ад Лукашэнкі. Павіншавала яго з перамогай і Святлана Ціханоўская.

Арлета Бойкэ. Фота: AKPA

Вольга Сямашка пагутарыла з журналісткай, экс-карэспандэнткай TVP у Маскве, Арлетай Бойкэ пра тое, якія наступствы для Беларусі і беларускіх дэмакратычных сілаў прынясе прэзідэнцтва Трампа; ці спыніцца ў выніку ваенная дапамога Украіне і што такое выбранне прынясе для бяспекі Польшчы:

РР: Раскажыце крыху пра тое, наколькі былі для вас чаканымі вынікі прэзідэнцкіх выбараў у ЗША і адпаведна перамога Трампа.

— Калі шчыра, я меркавала, што Дональд Трамп пераможа на гэтых выбарах, бо выйшла так, што больш за ўсё мы размаўлялі пра яго, і аказалася, што амерыканцы таксама размаўлялі пра яго, а не пра Камалу Харыс. Гэта было нечым накшталт плебісцыту „за” ці „супраць” Трампа. У выніку амерыканцы зноў выбралі Трампа, і, вядома, у Еўропе многія асцерагаліся гэтага выбару. І мне падаецца, што асцерагаюцца, бо не да канца можна прадказаць, што будзе далей.

З аднаго боку, павінна быць прасцей разумець і мець зносіны з Дональдам Трампам, бо ён ужо вядомы, многія палітыкі ўжо мелі з ім справы, калі ён быў прэзідэнтам раней. Але, з іншага боку, зразумела, што ён болей не будзе балатавацца. Гэта значыць, што ён будзе мець менш абмежаванняў у прыняцці рашэнняў, якія захоча прыняць. Гэта на 100% гэта будзе вельмі цікавы перыяд, і, безумоўна, ён будзе іншым, чым пры дэмакратах. Але я ўсё ж спадзяюся, калі гляджу на Украіну, на дапамогу Украіне, на НАТА і бяспеку. Я спадзяюся, што перад выбарчай кампаніяй ягоныя заявы — гэта адно. Але папраўдзе ён зробіць тое, што трэба, нават калі матываваць гэта будзе на 100%, ён будзе паўтараць, што Еўропа павінна больш плаціць за сваю бяспеку, што не павінна спадзявацца толькі на Амерыку, а мусіць сама думаць пра сваю абарону. І, на маю думку, гэта будзе паўтарацца і паўтарацца, як ужо было раней.

РР: Амаль адразу актывізаваўся Віктар Орбан, які паспеў павіншаваць Трампа з перамогай, і адразу паляцеў у Бішкек, дзе заявіў, што Еўропа павінна навучыцца абходзіцца ўласнымі сіламі, бо можа быць прыпыненая дапамога ЗША Украіне. Наколькі з прыходам Трампа можа змяніцца сітуацыя з падтрымкай Украіны ў вайне з Расеяй?

— Што відавочна, дык гэта тое, што Дональд Трамп будзе спрабаваць прыбраць гэтую праблему з мапы свету. Пад праблемай я маю наўвеце вайну ва Украіне. Ідэальны варыянт — каб гэтая вайна скончылася. Іншая рэч, што ЗША мае шмат інструментаў, каб націснуць на Украіну, ці каб націснуць на Еўропу. Бо пакуль Еўропа не зусім можа абараняцца без ЗША, нават калі гаварыць пра ядзерную падтрымку і кантроль з боку Злучаных Штатаў.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:

З “Госцяй Рацыі”, журналісткай і экс-карэспандэнткай TVP у Маскве Арлетай Бойкэ, камунікавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя