BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ізраіль нанёс ўдары па тэрыторыі Ірана. Трамп заявіў пра пачатак маштабнай баявой аперацыі

Армія абароны Ізраіля заявіла пра завяршэнне маштабнага ўдару па Іране. «Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) завяршыла шырокамаштабную аперацыю па знішчэнні стратэгічных сістэм абароны іранскага рэжыму. ЦАХАЛ нанёс удары па некалькіх стратэгічных сістэмах супрацьпаветранай абароны», — гаворыцца ў паведамленні ізраільскага абароннага ведамства. У адказ Іран нанёс удары па 14‑ці амерыканскіх базах на Блізкім Усходзе.

* * *

У небе над Дубаем прагучала каля пяці выбухаў. Сляды працы СПА ў раёнах Dubai Hills Mall, Дубай Марына і над галоўным гарадскім пляжам. Адну з іранскіх ракет збілі проста над пяцізоркавым гатэлем Atlantis The Royal, які знаходзіцца на штучным востраве. Другую іранскую ракету збілі проста над самым высокім у свеце колам агляду «Вока Дубая». Паводле папярэдняй інфармацыі, ніхто не пацярпеў.

Між тым, Іран сцвярджае, што мінімум 51 чалавек загінуў у выніку ўдару па школе на поўдні краіны. Яшчэ 60 атрымалі раненні. Як паведамлялася, гэтым ранкам Ізраіль і Злучаныя Штаты Амерыкі распачалі ваенныя дзеянні ў Іране. Спачатку ўлады ў Тэль-Авіве заявілі пра “прэвентыўны” ўдар, а пазней абвясцілі пра пачатак аперацыі “Ільвіны рык”. У сваю чаргу Міністэрства вайны ЗША абвясціла пра пачатак аперацыі “Эпічная лютасць”. Амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп выступіў са зваротам, у якім назваў яе мэты — знішчэнне ракет, разгром флоту, прадухіленне стварэння ядзернай зброі і свабода для іранскага народу.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў пра пачатак маштабнай баявой аперацыі амерыканскіх войскаў супраць Іран. Пра гэта паведамляе Clash Report.

Паводле слоў Трампа, мэтай аперацыі з’яўляецца абарона амерыканскага народа і ліквідацыя «непазбежнай пагрозы» з боку іранскага рэжыму.

Ён падкрэсліў, што ЗША плануюць знішчыць іранскія ракеты, цалкам ліквідаваць ракетную прамысловасць краіны і знішчыць яе ваенна-марскі флот. Падрабязнасці аперацыі пакуль не раскрываюцца.

Акрамя таго, Трамп заклікаў Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі скласці зброю, заявіўшы, што ў такім выпадку да іх будуць ставіцца справядліва і з поўным імунітэтам, інакш ім пагражае «непазбежная смерць».

Асобна прэзідэнт ЗША назваў іранскі рэжым «жорсткай групай вельмі небяспечных людзей» і заявіў, што яго пагрозлівыя дзеянні наўпрост пагражаюць Злучаным Штатам, амерыканскім войскам, базам за мяжой і саюзнікам па ўсім свеце.

***

Іран нанёс ракетныя ўдары па амерыканскіх ваенных аб’ектах на Блізкім Усходзе ў адказ на аперацыю ЗША і Ізраіля. Паведамляецца пра выбухі ў Бахрэйн і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

Як інфармуе CNN, ракетны ўдар быў нанесены па амерыканскай базе ў Бахрэйне, які з’яўляецца ключавым саюзнікам ЗША ў Персідскім заліве. У сталіцы краіны, Манама, размешчаны штаб Пятага флоту ВМС ЗША.

Бахрэйнскія СМІ са спасылкай на крыніцы паведамляюць, што сэрвісны цэнтр Пятага флоту ЗША падвергся ракетнаму абстрэлу.

Паводле Reuters, мішэнню таксама стала амерыканская база ў Абу-Дабі. Ці пацярпела ваенная інфраструктура, пакуль невядома.

У Кувейце абвешчаная паветраная трывога, Кувейт і Катар закрылі сваю паветраную прастору.

Тым часам 9 канал паведамляе, што Іран атакаваў авіяносец ВМС ЗША USS Abraham Lincoln ў Аравійскім моры.

Паводле дадзеных CNN, усяго мэтамі атак сталі чатыры амерыканскія базы ў рэгіёне: авіябаза Аль-Удэйд у Катары, авіябаза Аль-Салем у Кувейце, авіябаза Аль-Дафра ў ААЭ і база Пятага флоту ЗША ў Бахрэйне.

***

Іран ажыццявіў некалькі хваляў атак па Ізраілю ў адказ на атаку ЦАХАЛ на Тэгеран і шэраг іншых гарадоў краіны.

Як паведамляе Clash Report, падчас першай хвалі Іран выпусціў у бок Ізраіля каля 30 балістычных ракет. Па дадзеных Арміі абароны Ізраілю, праз некалькі хвілін яшчэ адзін залп быў ажыццёўлены ў бок краіны. Гаворка ідзе аб балістычных ракетах. У Тэль-Авіве назіраецца дым пасля абстрэлаў.

***

Раніцай 28 лютага Армія абароны Ізраіля ажыццявіла атаку па тэрыторыі Іран. Як паведамляе The Jerusalem Post, відавочцы казалі пра выбухі ў сталіцы краіны — Тэгеране.

Фота: Clash Report

Падчас аперацыі ізраільскія вайскоўцы разаслалі агульнанацыянальнае паведамленне з заклікам да грамадзян заставацца побач з бамбасховішчамі і іншымі абароненымі месцамі. У Арміі абароны Ізраіля адзначылі, што гэта адмысловае папярэджанне, каб падрыхтаваць насельніцтва да магчымых ракетных пускаў у бок Дзяржавы Ізраіль.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, на гэты момант запускаў ракет у напрамку Ізраіля не зафіксавана, аднак сітуацыя застаецца напружанай.

Між тым Clash Report апублікаваў кадры з густым дымам над Тэгеранам пасля ўдараў. Таксама Ізраіль афіцыйна закрыў сваю паветраную прастору.

Тэлеканал Channel 12 са спасылкай на крыніцу ў службах бяспекі паведаміў, што атака нібыта была сумеснай ізраільска-амерыканскай аперацыяй.

Іранскія медыя сцвярджаюць, што ўдары нанесены прыкладна па 30 аб’ектах па ўсёй краіне, у тым ліку па рэзідэнцыі прэзідэнта і штаб-кватэры выведкі. Паводле паведамленняў, удары працягваюцца.