BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Астравок”

Куды завяла б Украіну альтэрнатыўная гісторыя, калі б не адбыліся падзеі ў 2014 годзе і, галоўнае, не пачалася поўнамаштабная вайна ў 2022-м? Пэўна, гэтая тэма не раз закранала цікавасць пісьменнікаў. І не выключана, што хтосьці ўжо надаў ёй мастацкую форму. Прыкра, аднак, што ў цяперашні час – жорсткі і крывавы для краіны – пад маскай нейкай там “праславянскай канцэпцыі” ў горадзе Сумы з’явілася “альтэрнатыўная школа”. І ўкладае ў неакрэплыя дзіцячыя галовы здабытак вялікай рускай культуры. А яна, як вядома, – па-за палітыкай.

Падчас абстрэлу Расеяй Сумаў. Здымак ілюстрацыйны
Падчас абстрэлу Расеяй Сумаў. Здымак ілюстрацыйны

Галоўная мова, то бок мова выкладання школьных прадметаў – чалавечая (чытай – расейская): трэба ж, каб усе адзін аднаго разумелі. Іншых размежаванняў там не прызнаюць. Пра поўнамаштабнае ўварванне ў школе не згадваюць, бо з тымі, хто цяпер у вайне, у іх, маўляў, розныя дарогі. Няма прадмета «Гісторыя Украіны», няма штодзённай агульнанацыянальнай хвіліны маўчання, няма і сховішча. Затое ёсць “круг доброты”, у якім адбываецца абмен энергіяй. І гэта пры тым, што Сумская вобласць падвяргаецца самым жорсткім расейскім нападам і ёсць адной з найбольш небяспечных абласцей Украіны. І гэта пры тым, што дзяцей туды добраахвотна прыводзяць бацькі. За грошы ізалююць іх ад страху вайны і грэбуюць іх жыццямі.

З пункту гледжання закона, ва Украіне ўсе навучальныя ўстановы, у тым ліку і прыватныя, абавязаныя функцыянаваць на дзяржаўнай мове. Дапускаецца навучанне на мове нацыянальных меншасцяў, але на Сумшчыне няма афіцыйна зарэгістраванай расейскай меншасці. Школа не мае дакладнага юрыдычнага статусу: ні паўнавартасная ўстанова адукацыі, ні суб’ект гаспадарання.
Проста астравок “русского мира” ці то ў альтэрнатыўнай, ці то ў паралельнай
рэальнасці.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя